Лінкі ўнівэрсальнага доступу

86 з 200 дэпутатаў парлямэнту Швайцарыі запатрабавалі вызваленьня палітзьняволенай Натальлі Хершэ


Дэпутаты фэдэральнага парлямэнту Швайцарыі на акцыі салідарансьці з палітзьняволенай Натальляй Хершэ. Фота Libereco
Дэпутаты фэдэральнага парлямэнту Швайцарыі на акцыі салідарансьці з палітзьняволенай Натальляй Хершэ. Фота Libereco

Патрабаваньне выпусьціць беларуску з турмы прыйшло і з Санкт-Галену, у якім Хершэ жыла апошнія гады.

Швайцарскія дэпутаты ў лісьце да міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея напісалі, што наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў не дае разьвівацца міждзяржаўным адносінам.

Ліст падпісалі 86 з 200 дэпутатаў Нацыянальнай рады Швайцарыі.

У адкрытым лісьце, апублікаваным напярэдадні заплянаванага на 16 лютага разгляду апэляцыйнай скаргі Натальлі Хершэ, дэпутаты адрасавалі міністру замежных справаў Беларусі патрабаваньне неадкладнага вызваленьня грамадзянкі Швайцарыі, а таксама больш чым 240 іншых палітзьняволеных у Беларусі.

Адкрыты ліст падпісалі прадстаўнікі ўсіх групаў Фэдэральнага парлямэнту.

«Мы заклікаем вас забясьпечыць разгляд скаргі Натальлі Хершэ без палітычных матываў, але ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі справядлівага судовага разбору».

Міністра замежных справаў Уладзімера Макея просяць «забясьпечыць вызваленьне Хершэ не пазьней за вынясеньне прысуду ў апэляцыйнай інстанцыі». Дэпутаты лічаць, што Натальля як грамадзянка Швайцарыі павінна атрымаць дазвол неадкладна вярнуцца ў краіну.

Зьняволеньне Натальлі Хершэ і іншых палітвязьняў называецца «сур’ёзным цяжарам у замежнапалітычных дачыненьнях» Швайцарыі і Беларусі.

Дэпутатка Нацыянальнай рады Швайцарыі Барбара Гізі з гораду Санкт-Гален, дзе жыла Хершэ, стала сымбалічнай «хроснай» беларускай палітзьняволенай у межах кампаніі нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco.

Гізі перакананая, што прысуд Хершэ належыць неадкладна скасаваць, а саму яе вызваліць, бо жанчына не парушала закону, а толькі выконвала свае канстытуцыйныя правы.

Асуджаная ў Беларусі да 2,5 года пазбаўленьня волі за сарваную з амапаўца балаклаву Натальля Хершэ нарадзілася і жыла ў Воршы, але каля 10 гадоў таму пераехала ў Швайцарыю. У 2020 годзе яна прыехала ў адпачынак на радзіму, дзе брала ўдзел у пратэстах супраць Лукашэнкі, на якіх яе затрымалі, а пасьля асудзілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG