Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18-гадовага палітвязьня Алега Рубца зьмясьцілі ў карцар пасьля галадоўкі


Алег Рубец
Алег Рубец

Затрыманы 10 жніўня ў Пінску Алег Рубец на працягу некалькіх месяцаў знаходзіцца ў СІЗА №6 г. Баранавічы. З прычыны адсутнасьці лістоў ад сяброў і блізкіх 3 лютага ён абвясьціў галадоўку. Пасьля чаго яго зьмясьцілі ў карцар.

Пра гэта стала вядома ад сваякоў палітвязьня.

«9 лютага мы прыехалі ў СІЗА, каб перадаць сыну неабходныя рэчы. Пасьля таго як муж запоўніў дакумэнты, дзяжурны паведаміў яму, што ў перадачы адмоўлена. Прычына — Алег адбывае пакараньне», — расказвае мачыха палітвязьня Тацяна.

Бацькі Алега адразу зьвярнуліся да адвакаткі, якая сустрэлася з хлопцам ужо на наступны дзень.

«Ёй сын расказаў, што вырашыў абвясьціць галадоўку з-за таго, што яму не даходзілі лісты. Пасьля чаго з 8 лютага яго зьмясьцілі ў карцар, дзе ён прабудзе да 14 лютага ўключна», — кажуць бацькі Алега Рубца.

Віктар і Тацяна Рубец прызнаюцца, што сын на працягу доўгага часу неаднаразова цікавіўся ў адміністрацыі, чаму карэспандэнцыя ад сваякоў яму даходзіць зь перабоямі, а лістоў ад сяброў ён зусім не атрымлівае. Не дамогшыся ўцямнага адказу, ён на працягу 5 дзён адмаўляўся ад ежы.

«Мы атрымалі ад яго ліст на мінулых выходных, дзе ён завуалявана папярэдзіў, каб не прывозілі яму перадачы бліжэйшым часам», — заўважаюць бацькі.

Бацькі Алега падкрэсьлілі, што вельмі перажываюць за яго здароўе, хоць раней ён і ня скардзіўся на такія праблемы.

«Адвакатка сказала, што выглядае ён адпаведна месцу, у якім знаходзіцца, — кажа Тацяна. — У Алега астма. Мы, вядома, перадалі яму неабходныя лекі. Але вельмі турбуемся, каб у яго не было прыступаў. Алег таксама пісаў у лістах, што больш за месяц ня быў на прагулцы. Прычын для гэтага няма. Сам ён гэта тлумачыць своеасаблівым прэсінгам ці лянотай супрацоўнікаў».

Алег Рубец скончыў ліцэй у Пінску і працаваў трактарыстам па адпрацоўцы. Быў фанатам футбольнага клюбу «Волна». Яго затрымалі ў Пінску 10 жніўня і моцна зьбілі. Рубца падазраюць па справе аб масавых беспарадках (арт. 293 Крымінальнага кодэксу).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG