Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарку Гомля пасьля 15 дзён арышту асудзілі яшчэ на такі ж тэрмін


Суд Навабеліцкага раёну Гомля
Суд Навабеліцкага раёну Гомля

Жыхарку Гомля Анастасію Перавошчыкаву суд пакараў 15 днямі арышту паводле артыкулу 23.34. Дзяўчына выйшла з ізалятару 6 лютага. Як Свабодзе расказалі валянтэры, 9 лютага суд зноў пакараў яе арыштам на 15 дзён.

Першыя «суткі» дзяўчына атрымала пасьля таго, як дома ў яе і блізкіх (маці, дзеда) прайшоў ператрус. Тады Анастасію суд пакараў нібыта за акцыю са сьцягам. Яна адбывала пакараньне ў ізалятары Буда-Кашалёва. Пасьля вызваленьня дзяўчыну зноў затрымалі і 9 лютага даставілі ў суд.

«Міліцыя сказала, што на яе ёсьць яшчэ дзесяць эпізодаў, і таму яе будуць зноў затрымліваць і судзіць. Суд грунтаваўся на паказаньнях яе „сяброў“, больш ніякіх доказаў „злачыннасьці“ не было», — зазначылі валянтэры.

Міліцыя Гомля праяўляе пільную ўвагу да жыхароў Навабеліцкага раёну. Некаторыя актывісты, якія траплялі пад перасьлед, ужо зьехалі за мяжу.

9 лютага прайшоў ператрус у валянтэркі, маці пяці дзяцей Тацьцяны Максімавай.

«Спачатку яны шукалі нейкую „Бэстыю“, пыталіся, ці ведаю я яе. Потым перавярнулі ўсю хату, забралі тэлефоны, 99 дыскаў — у асноўным з музыкай і мультфільмамі. Забралі чатыры мае дыскі з вынікамі МРТ (магнітна-рэзанаснай тамаграфіі. — РС), забралі паштоўкі. Мяне папікалі, чаму я дапамагаю як валянтэрка толькі „палітычным“? Але папраўдзе я дапамагаю ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу», — пракамэнтавала Тацяна Максімава.

9 лютага ператрус прайшоў і ў жыхара Гомля Руслана Сасыкбаева.

«Мне патлумачылі, што нібыта на тэлеграм-канале „Флагшток“ зьявіліся нейкія здымкі некага зь бел-чырвона-белым сьцягам. У мяне забралі стары ноўтбук, тэлефон. І затрымалі Насту, якая была ў нас дома. Яе падазраюць у адміністраваньні нейкага тэлеграм-чату», — расказаў Руслан Сасыкбаеў.

Ад міліцэйскага перасьледу ўвосень была вымушана зьехаць за мяжу жонка Руслана, валянтэрка Наста Сасыкбаева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG