Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлетку прысудзілі 2 гады калёніі за «масавыя беспарадкі» і «гвалт над міліцыяй»


Віталь Прохараў і ягоная маці Алеся ў судзе
Віталь Прохараў і ягоная маці Алеся ў судзе

Судзьдзя Ірына Прадун (суд Жлобінскага раёну) пакарала 17-гадовага Віталя Прохарава пазбаўленьнем волі на два гады ў выхаваўчай калёніі. Падлетка абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і «гвалце над міліцыяй» — хоць ніхто ад ягоных дзеяньняў не пацярпеў.

У судовых спрэчках выступіў пракурор Андрэй Аношка. Ён заявіў, што абвінавачаны «ня здольны да самакантролю сваіх паводзінаў», «выбраў няправільныя жыцьцёвыя арыенціры», «мае павярхоўнае ўяўленьне і пра нашу гісторыю, і пра нашых герояў, пра якіх ведала мінулае пакаленьне — такіх, як Марат Казей і Бацька Мінай».

Пракурор у сваім выступе таксама зазначыў, што пры падзеях 10-11 жніўня падлетак быў у масцы. «Чэсны чалавек ня будзе надзяваць маску. Маску надзяваюць, калі хочуць схаваць твар. Гэты момант кажа, што абвінавачаны добра разумеў, што твар на ўсялякі выпадак трэба схаваць», — выказаўся Андрэй Аношка.

Таму пракурор запатрабаваў, гаворачы аб пакараньні: «Трэба вызначыцца наконт умоваў, у якіх абвінавачаны будзе пад кантролем, будзе працягваць самаўдасканальвацца, атрымае станоўчыя навыкі ў жыцьці».

Паводле абвінавачаньня, Віталь, «выконваючы заклікі ў інтэрнэце», прыняў удзел у масавых беспарадках, каб «незаконнымі спосабамі выказаць свае погляды і з мэтай дэструктыўнай дзейнасьці». Людзі нібыта выгуквалі лёзунгі, адмаўляліся выконваць загады міліцыі, заклікалі міліцыю адмовіцца выконваць свае паўнамоцтвы, кідалі камяні, бутэлькі. Гэта ўсё адбывалася таму, што ўдзельнікі мітынгу «адчувалі азлобленасьць у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Непаўналетні не прызнае віны. Ён кажа, што сапраўды быў каля Палаца культуры мэталюргаў, дзе адбываўся мітынг, але не прымаў у ім удзелу. Пляцоўка каля Палаца культуры — традыцыйнае месца збору мясцовай моладзі. У той дзень Віталь таксама там сустракаўся зь сябрамі. За мітынгам ён назіраў, бо «было цікава».

Да суду ён расказаў, што міліцыя затрымала яго 11 жніўня і пры затрыманьні яго зьбілі. Маці Віталя падавала аб гэтым заяву, падлетак здымаў пабоі, але крымінальнай справы пакуль не распачалі, дагэтуль вядзецца праверка.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG