17 арганізацый, што працуюць у галіне свабоды выказваньня меркаваньняў і свабоды СМІ, заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх беларускіх журналістаў і работнікаў СМІ, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, перадае БелаПАН.
У сумеснай заяве, разьмешчанай на сайце фонду Justice for Journalists, адзначаецца, што амаль праз шэсьць месяцаў пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка абвясьціў пра пераканаўчую перамогу на выбарах, якія ў сьвеце былі шырока прызнаныя фальсыфікаванымі і асуджаныя, лідэр апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская застаецца ў выгнаньні, а тысячы пратэстоўцаў працягваюць выходзіць на вуліцы.
«Рэжым зрабіў усё магчымае, каб перашкодзіць сваім грамадзянам атрымліваць доступ да незалежнай інфармацыі. У агенцтваў навін адклікалі ліцэнзіі СМІ. У некаторых канфіскаванае абсталяваньне. Рэдакцыям незалежных выданьняў забаронена друкаваць і прадаваць газэты праз нацыянальнага дзяржаўнага манапаліста», — гаворыцца ў заяве.
«У межах гэтай барацьбы ўлады таксама выкарыстоўвалі гвалт, пагрозы і адвольныя затрыманьні, каб запалохаць журналістаў і перашкодзіць ім выконваць сваю працу», — канстатуюць падпісанты.
«З набліжэньнем Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх журналістаў і работнікаў СМІ. Мы асуджаем абуральныя парушэньні іх правоў чалавека і яшчэ раз нагадваем беларускім уладам пра іх абавязкі паводле міжнароднага права», — падкрэсьліваюць аўтары заявы.
Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2020 годзе прадстаўнікоў СМІ ў Беларусі затрымлівалі 480 разоў. Яны правялі за кратамі больш за 1.200 дзён, часта без паведамленьня, якія абвінавачваньні ім прад’яўленыя.
Цяпер у турмах па крымінальных артыкулах знаходзяцца дзевяць прадстаўнікоў беларускіх мэдыя і «Прэс-клюба». Ім пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны па палітычна матываваных абвінавачаньнях.
Найбліжэйшы такі працэс пачнецца ў Менску 9 лютага — карэспандэнтак тэлеканала «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову, якія вялі стрым з акцыі 15 лістапада, абвінавачваюць у каардынацыі пратэстаў. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.
У зьняволеньні па крымінальных артыкулах таксама застаюцца журналісты і работнікі СМІ: Кацярына Барысевіч, Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў.
Заяву з патрабаваньнем аб іх вызваленьні падпісалі прадстаўнікі арганізацый:
- Index on Censorship;
- Human Rights House Foundation;
- Justice for Journalists Foundation;
- European Federation of Journalists;
- ARTICLE 19;
- European Centre for Press and Media Freedom;
- Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клубаў»;
- Press Club Polska;
- Presseclub Concordia (Вена);
- Беларускай асацыяцыі журналістаў;
- Overseas Press Club of America;
- Frankfurter Presseclub;
- Press Club Brussels Europe;
- Geneva Press Club;
- Польскага клюба міжнародных аглядальнікаў;
- FCC of South Asia;
- Jerusalem Press Club.