Сёлета ўрачыстыя імпрэзы ля сядзібы-музэю ў Івацэвіцкім раёне адмянілі. Афіцыйная прычына — эпідэміялягічная сытуацыя, піша мясцовае інтэрнэт-выданьне «Першы рэгіён». Замежныя дыпляматы таксама скасавалі сваю паездку ў Косава.
У 2021 годзе адзначаецца юбілей Тадэвуша Касьцюшкі — 275 гадоў з дня нараджэньня нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі.
Да музэю прыяжджалі ўскласьці кветкі і пакінуць падарункі музэю дыпляматы ЗША, Польшчы, Францыі, Швайцарыі, Літвы, Украіны, Расеі. Іх прымала кіраўніцтва Івацэвіцкага раёну, прадстаўнікі абласной улады. Спакойна ўспрымалі актывістаў партый, грамадзкасьці. У апошнія гады тут ужываліся і чырвона-зялёныя, і бел-чырвона-белыя сьцягі.
Найбольш знакавым стаў 2018 год, калі ва ўрочышчы Мерачоўшчына ўрачыста адкрылі першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касьцюшку. Было шмат турыстаў, луналі нацыянальныя сьцягі. Сілавікі нікога за сьцягі не хапалі.
Нягледзячы на пачатак пандэміі, летась у Мерачоўшчыне таксама было шматлюдна: да гасьцей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі далучыліся БРСМаўцы пад чырвона-зялёнымі сьцягамі.
Гэтым разам да юбілею ў музэі адкрылася толькі выстава «Тадэвуш Касьцюшка як мастак». Яна будзе працаваць цягам усяго году.
У дзень памяці слыннага земляка Сьвятлана Ціханоўская выступіла на міжнароднай онлайн-канфэрэнцыі і заклікала ўдзельнікаў форуму далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю 7 лютага.
«Ці лічыў Касьцюшка сябе героем? Ці лічаць людзі сябе героямі? Больш за 32 тысячы беларусаў затрыманыя за тое, што яны хацелі быць пачутымі. Тысячы зазналі катаваньні, тысячы ўцяклі з краіны, больш за 220 прызнаныя палітвязьнямі, восем забітыя. Усе яны — мае героі», — сказала яна.
Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, у Беларусі кожны праваабаронца, кожны журналіст, кожны, хто выходзіць на мірны пратэст, — сапраўдны герой.