Забарону журналістам прысутнічаць на працэсе ў Кастрычніцкім судзе патлумачылі адсутнасьцю ў залі вольных месцаў. Абмежаваньні ўведзеныя нібыта ў сувязі зь неспрыяльным эпідэмічным становішчам.
Першы раз журналістаў не пусьцілі ў залю 28 студзеня. У гэты дзень абвінавачаны меўся выступаць з сваёй пазыцыяй адносна крымінальнага перасьледу супраць яго. У судзе гэтак сама тлумачылі абмежаваньні адсутнасьцю вольных месцаў у залі ды клопатам аб бясьпецы ўдзельнікаў працэсу. Пазьней стала вядома, што ў залю дапусьцілі журналістаў дзяржаўных СМІ.
Сяргея Кармызава затрымалі 11 чэрвеня 2020 году і абвінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Ён быў чальцом ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі.
Сёньня 4 лютага ў Менску пачаўся працэс у справе «Белгазпрамбанка». На яго таксама не пусьцілі незалежных журналістаў. Будынак Маскоўскага суду абставілі мэталічнай агароджай, па пэрымэтры дзяжураць сілавікі ў балаклавах.