Сьледчы камітэт вырашыў не разглядаць заяву і перадаў у Міністэрства ўнутраных спраў. Там заяўніцы адмовілі, перадае прэс-служба прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі.
«Рашэньне, ці пачынаць крымінальную справу, прымае „міністэрства“, у якім намесьнікі асабіста арганізавалі і зьдзейсьнілі тыя злачынствы, — спасылаецца прэс-служба на Калесьнікаву. — 27 студзеня прыйшла адмова ва ўзбуджэньні справы. Ці зьдзіўленая я? Не! Там, у кабінэце Карпянкова, спадары Казакевіч і Паўлючэнка ва ўсіх падрабязнасьцях расказалі, што мяне чакае, калі я не пакіну краіну: СІЗА, турма, зьневажальныя надгляды, падарванае здароўе, забыцьцё. Я забуду пра кнігі (Харары, Хокінг, чао!), пра музыку, бо мне пераламаюць пальцы. 25 гадоў у калёніі буду яму, Казакевічу, форму шыць, якую ён будзе апранаць пад асаблівыя нагоды».
Марыя Калесьнікава заявіла, што будзе далей зьвяртацца ў Генэральную пракуратуру і ў суд, «нават калі на яе хоць 10 спраў павесяць».
«Вас гэта ўжо не ўратуе, вы гэта зрабілі! Вы гэта ведаеце, я ведаю, вашы міністры ведаюць, кіраўнік дзяржавы ведае, калегі і саўдзельнікі ведаюць, сьведкі, якіх нямала, вашыя дзеці, жонкі, вашы бацькі, сябры і блізкія. Вы гэта зрабілі!», — падсумавала Марыя Калесьнікава.