Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць усіх, хто быў затрыманы ў сувязі са сьледчымі дзеяньнямі з нагоды меркаванага ўхіленьня ад выплаты падаткаў «Прэс-клюбам Беларусь», гаворыцца ў заяве міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Камітэт абароны журналістаў».
«Улады Беларусі не павінны выкарыстоўваць падатковае заканадаўства для перасьледу і зьняволеньня журналістаў і людзей, якія імкнуцца пашыраць свабоду прэсы ў краіне, — сказала Гульназа Саід, каардынатарка праграмы Камітэту абароны журналістаў у Эўропе і Цэнтральнай Азіі. — Нядаўна арыштаваныя асобы, зьвязаныя з „Прэс-клюбам Беларусь“, павінны быць неадкладна вызваленыя, а абвінавачаньні супраць іх зьнятыя».
22 сьнежня ў Менску затрымалі пяць супрацоўнікаў «Прэс-клюбу», а таксама незалежную журналістку Ксенію Луцкіну. Усе шасьцёра былі арыштаваныя ў рамках расьсьледаваньня меркаванага ўтойваньня падаткаў супрацоўнікамі «Прэс-клюбу».
На працягу тыдняў, якія папярэднічалі арыштам, «Прэс-клюб» пісаў пра затрыманьні журналістаў, якія асьвятлялі антыўрадавыя пратэсты, што пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, гаворыцца ў заяве Камітэту абароны журналістаў.
Супрацоўнікамі «Прэс-клюбу», арыштаванымі 22 сьнежня, зьяўляюцца заснавальніца арганізацыі Юлія Слуцкая, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Ала Шарко, апэратар Пятро Слуцкі, а таксама Сяргей Якупаў, дырэктар «Акадэміі» — адукацыйнага праекту клюбу.
31 сьнежня Сьледчы камітэт выставіў абвінавачаньні Слуцкай ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у сувязі з прафэсійнай дзейнасьцю ў якасьці заснавальніка «Прэс-клюбу» і абвінаваціў Альшэўскага, Слуцкага, Шарко і Луцкіну ў саўдзеле ў гэтым злачынстве.
Улады ня выставілі абвінавачаньняў Якупаву, які мае расейскае грамадзянства, і 31 сьнежня дэпартавалі яго, наклаўшы 10-гадовую забарону на ўезд у Беларусь.