Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Медуза»: Пуцін наведваў рэзыдэнцыю пад Геленджыком як мінімум чатыры разы


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін як мінімум чатыры разы бываў у рэзыдэнцыі на мысе Ідакапас, высьветліла «Медуза», пагаварыўшы з падрадчыкамі і будаўнікамі аб’екта.

Паводле дадзеных выданьня, да кожнага візыту рыхтуюцца старанна: службу эксплюатацыі могуць падняць сярод ночы, каб перакласьці газон, а падчас прагулкі прэзыдэнта па сядзібе на тэрыторыю не дапускаюць ні работнікаў, ні нават кіраўнікоў кампаній-падрадчыкаў.

«Работнікі жылі нармальна — але калі першая асоба прыяжджала, іх даводзілася кудысьці прыбіраць, усіх да аднаго. Нават кіраўнікі будаўнічых арганізацый найвышэйшага зьвяна туды [да Пуціна] не дапускаліся: [аб’ект яму паказваў] толькі яго кіраўнік спраў, начальнік з ФСА», — расказаў журналістам інжынэр, наняты для ўзьвядзеньня рэзыдэнцыі.

Працаўнік рэзыдэнцыі Міхаіл сьцьвярджае, што аднойчы ноччу вясной 2014 году супрацоўнікаў службы эксплюатацыі паднялі, каб падрыхтавацца да візыту Пуціна.

«За наступныя двое сутак мы ўсю алею [якая вядзе да галоўнага дому] ***** [на фіг] вырвалі! Там у траўкі, хоць яе і палівалі, празь сьпякоту кончыкі трошкі пажоўклі — і ўвесь газон, там быў рулённы, скруцілі. Павырывалі дрэўцы, — сказаў ён. — Потым, адкуль ні вазьміся, 20 фур прыехалі з новай травой — яе раскаталі, новыя дрэвы ўваткнулі. А старое сказалі павезьці і вываліць перад [мясцовым хутарам] Джанхот».

У матэрыяле гаворыцца, што падземны комплекс пад рэзыдэнцыяй заходзіць уніз на 16 паверхаў і цалкам пранізвае мыс Ідакапас, на якім стаіць палац. Вэстыбюль ліфта, на якім можна спусьціцца пад зямлю, разьмешчаны за некалькі дзясяткаў мэтраў ад галоўнага дому — на выпадак эвакуацыі.

«Пад домам — цэлы мурашнік у скале, — распавядае будаўнік Віктар. — Мы проста заходзім у вэстыбюль — як мы гэта кожны дзень робім у мэтро — і пачынаем спускацца ўніз. На 14–15-м узроўні — верхні блёк тэхнічных памяшканьняў. На восьмым — вінатэка. У самым нізе, на першым паверсе, яшчэ тэхнічныя памяшканьні — і стомэтровы тунэль, які выходзіць на пляж. Асноўны VIP-выхад у пляжную зону — калі мы будавалі, там меркаваўся травалатар, як у Шарамецеве».

Узьвядзеньне шахты, як сьцьвярджаецца, абышлося прыблізна ў тры мільярды рублёў. Такіх бункераў у Праскавееўцы павінна было быць два, але ад другога заказчык адмовіўся пасьля эканамічнага крызісу 2008 году.

Журналісты знайшлі яшчэ адну аквадыскатэку: яна пабудаваная на тэрыторыі шато ў пасёлку Дзіўнаморскае. Яе называюць «Дзімавай дачай», бо пабудавалі ў гады прэзыдэнцтва Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Чатыры ўдзельнікі будаўніцтва расказалі выданьню, што будоўляй у Праскавееўцы цалкам кіруе ФСА. Супрацоўнікі гэтай спэцслужбы адказваюць за дысцыпліну, водзяць прэзыдэнта па рэзыдэнцыі падчас візытаў і перадаюць падрадчыкам даручэньні заказчыка. Імёны супрацоўнікаў ФСА захаваліся і на чарцяжах, якія апынуліся ў распараджэньні «Медузы».

Mash раней апублікаваў шасьціхвіліннае відэа, на якім галоўны рэдактар выданьня Максім Іксанаў паказвае, як сьцьвярджаецца, «палац Пуціна». Ён кажа, што ўнутры будынку — «адзін суцэльны бэтон», сам аб’ект гатовы толькі звонку, усярэдзіне будоўля «знаходзіцца на нулявым этапе». Пры гэтым Іксанаў ня кажа, як яму ўдалося трапіць на тэрыторыю аб’екта.

Кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Фонду барацьбы з карупцыяй Марыя Пеўчых напісала ў твітэры, што «камэнтаваць тут няма чаго». «Mash пацьвердзілі тое, што мы пісалі пра рамонт і цьвіль, дзякуй, вядома, але мы і так гэта ведалі. Асобна дзякуем за паказаную зблізу аквадыскатэку», — адзначыла яна.

У расьсьледаваньні «Палац для Пуціна. Гісторыя самага вялікага хабару» ад 19 студзеня сказана, што ў будаўніцтве аб’екта ўдзельнічалі блізкія сябры Пуціна, а яго аховай займаюцца Фэдэральная служба бясьпекі і Фэдэральная служба аховы. ФБК сьцьвярджае, што рэзыдэнцыя прэзыдэнта Расеі плошчай 68 гектараў на мысе Ідакапас была пабудаваная ў 2010 годзе, яе кошт складае каля мільярда даляраў.

Сам Пуцін заявіў, што гэты аб’ект ніколі не належаў ні яму, ні яго блізкім сваякам. Пасьля гэтага яго прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў заяўляў, што аб’ект належыць прадпрымальнікам, але ўлады «ня маюць ніякага права выдаваць імёны гэтых уладальнікаў» і «не зьбіраюцца гэтага рабіць».

Фэдэральная служба аховы раней паведаміла РБК, што на тэрыторыі Геленджыку і ў прылеглых да яго раёнах няма аб’ектаў, якія ахоўваюцца ФСА. У ведамстве дадалі, што яны ня ўводзілі на гэтай тэрыторыі якіх-небудзь забаронаў і абмежаваньняў.

«Задача была схаваць аб’ект з боку мора». Як ахоўвалі «палац Пуціна» і чаму пра яго ведаў увесь Геленджык:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG