Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат сьвету ў сучасным пяціборстве перанесьлі зь Менску ў Каір


Сучаснае пяціборства, ілюстратыўнае фота
Сучаснае пяціборства, ілюстратыўнае фота

Сталіца Эгіпту стала гаспадаром сусьветнага першынства пасьля таго, як празь нестабільнасьць у Беларусі турнір адабралі ў Менску.

Пра тое, што Каір прыме чэмпіянат сьвету ў пяціборстве афіцыйна паведаміў сайт Міжнароднага саюзу сучаснага пяціборства (UIPM). Турнір пройдзе з 7 па 13 чэрвеня.

Сталіца Эгіпту ўжо прымала чэмпіянат сьвету ў гэтым відзе спорту ў 2017 годзе.

Раней выканкам UIPM аднагалосна забраў права на правядзеньне турніру ў сталіцы Беларусі. Прычынай такога рашэньня стала нестабільнае становішча ў краіне. Акрамя таго, прымаліся пад увагу санкцыі, якія былі ўведзеныя Міжнародным алімпійскім камітэтам у дачыненьні Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Раней з той жа прычыны Беларусь пазбавілі права на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2021 году ў хакеі. Але ў хакеі новы гаспадар чэмпіянату яшчэ ня вызначаны. Магчыма, усе матчы адбудуцца ў Латвіі, якая першапачаткова мела прыняць палову чэмпіянату.

Пераносы сусьветных чэмпіянатаў у пяціборстве і хакеі выклікалі хваравітую рэакцыю беларускіх спартовых чыноўнікаў. Босы нацыянальнай фэдэрацыі пяціборства нават заявілі, што гатовыя прыняць такое рашэньне, калі гэта «плата за сувэрэнітэт краіны».

Сучаснае пяціборства — від спорту, які яднае ў сабе плаваньне, бег, фэхтаваньне, конны спорт і стральбу. Пераможцам становіцца той удзельнік, які набярэ найбольшую колькасьць заліковых пунктаў па суме ўсіх дысцыплін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG