Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віталь Уткін у этэры тэлеканалу СТВ заявіў, што прычынай пераносу чэмпіянату сьвету ў хакеі – 2021 зь Менску стала «помста нашчадкам тых, хто ўзьняў сьцяг перамогі над Рэйхстагам», піша Tut.by.
Віталь Уткін прапанаваў паглядзець, наколькі хакей захапіў Беларусь, колькі жыхароў ускосна ці непасрэдна зьвязаныя з гэтым відам спорту. Ён абвінаваціў у зрыве плянаў на правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Беларусі каманду Сьвятланы Ціханоўскай і наогул праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі.
«Чаму гэтае сьвята асобная група асобаў... Іх не назавеш палітыкамі, таму што палітыкі павінны працаваць на інтарэсы сваёй краіны. [...] яны „стралялі“ ў мару нашых дзяцей, якія займаюцца хакеем. Яны проста зрабілі такі масавы публічны расстрэл, затапталі ў гразь мару дзяцей».
Таксама Уткін лічыць, што праціўнікі Лукашэнкі заклікалі выходзіць на вуліцы, бо «прыедуць хакеісты, магчыма, мы будзем блякаваць дарогі, каб яны ня езьдзілі». Пры гэтым, па словах чыноўніка, афіцыйная дзяржаўная лінія, усе людзі, якія «за хакей», гавораць, што будзе парадак.
Акрамя абвінавачаньняў Ціханоўскай і іншых палітыкаў, якія выступаюць супраць дзейнай сыстэмы, Уткін напаў і на замежныя краіны. Ён выказаў надзею, што частка насельніцтва тых краін, дзе палітыкі выступалі супраць чэмпіянату сьвету ў Беларусі, «абсалютна не падтрымлівае пункт гледжаньня гэтых палітыкаў».
Уткін думае, што «можна выйсьці абсалютна на іншыя ўзроўні палітычнага пляну», і проста сказаць, што гэта «помста нам, нашчадкам пераможцаў Другой сусьветнай вайны, за тое, што нашы дзяды сьцяг узьнялі над Рэйхстагам».
Дасталося ад дэпутата і кампаніям, якія адмаўляліся спансаваць чэмпіянат сьвету ў выпадку яго правядзеньня ў Беларусі.
«Мы гаворым пра лёгіку палітычных рухаў. Возьмем Škoda. Падчас вайны, мы ведаем, што яны рамантавалі, гэта гістарычныя факты, і ў інтэрнэце можна знайсьці, тэхніку нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выпускалі лёгкія танкі. І 200 танкаў паставілі ў шэрагі нямецкай арміі, якая ваявала супраць беларускага народу».
Кампанія Nivea, паводле Уткіна, пастаўляла вэрмахту зубныя шчоткі, мыла, прадметы асабістай гігіены.
Пакуль Міжнародная фэдэрацыя хакею, якая забрала ў Менску права на правядзеньня чэмпіянату сьвету ў хакеі празь нестабільнасьць у дзяржаве, вырашае, дзе менавіта пройдзе чэмпіянат. Магчыма, яго прыме толькі Латвія. Таксама на правядзеньне гульняў прэтэндуюць Данія і Славаччына.