Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат сьвету ў сучасным пяціборстве перанесены зь Менску з прычыны «нестабільнасьці» ў Беларусі


Марш вызваленьня палітвязьняў. Менск, кастрычнік 2020 году
Марш вызваленьня палітвязьняў. Менск, кастрычнік 2020 году

Выканаўчая рада Міжнароднага зьвязу сучаснага пяціборства (UIPM) прагаласавала за перанос зь Менску чэмпіянату сьвету ў сучасным пяціборстве, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на паведамленьне сайта UIPM у пятніцу, 22 студзеня.

«Выканаўчая рада Міжнароднага зьвязу сучаснага пяціборства прагаласавала за перанос чэмпіянату сьвету, правядзеньне якога плянавалася ў Менску ў чэрвені 2021 году. Флягманскія спаборніцтвы сэзону будуць праходзіць у альтэрнатыўным месцы ў тыя ж даты (7–13 чэрвеня)», — гаворыцца ў паведамленьні.

Канкрэтнае месца правядзеньня абвесьцяць у найбліжэйшыя дні, дадалі ў UIPM.

«Выканаўчая рада UIPM уважліва сачыла за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі ў апошнія месяцы і ацэньвала магчымасьць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Менску. Таксама былі ўлічаныя санкцыі, уведзеныя Міжнародным алімпійскім камітэтам адносна Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ў сьнежні 2020 году», — пракамэнтаваў рашэньне прэзыдэнт UIPM доктар Кляўс Шорман.

«Пасьля падрабязнага абмеркаваньня выканаўчы камітэт прагаласаваў за тое, каб перанесьці магчымасьць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў сучасным пяціборстве ў Менску на пазьнейшы тэрмін з прычыны росту занепакоенасьці з нагоды таго, што цяперашняя нестабільнасьць у краіне прыёму можа паставіць пад пагрозу посьпех флягманскіх спаборніцтваў UIPM», — падкрэсьліў Шорман.

Кіраўнік UIPM дадаў, што выканаўчы камітэт дзякуе мясцоваму арганізацыйнаму камітэту, які ўзначальвае Беларуская фэдэрацыя сучаснага пяціборства (BFMP), і «зь нецярплівасьцю чакае магчымасьці правесьці спаборніцтвы ў Менску ў будучыні».

Беларуская сталіца ў 2021 годзе ўпершыню рыхтавалася прыняць чэмпіянат сьвету ў сучасным пяціборстве. Раней у Менску ў рамках міжнародных спаборніцтваў у пяціборстве праходзілі фінальны этап Кубка сьвету (2015) і чэмпіянат Эўропы (2017).

Сучаснае пяціборства ўключае ў сябе канкур, фэхтаваньне, стральбу, бег і плаваньне.

  • У Беларусі з 9 жніўня працягваюцца штодзённыя акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Пераможцам абвешчаны дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 году. Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня новых выбараў.
  • 18 студзеня 2021 году Беларусь пазбавілі права праводзіць сёлетні чэмпіянат сьвету ў хакеі, які меўся праходзіць у Менску і Рызе. Рашэньне пацьвердзіла Міжнародная хакейная фэдэрацыя (IIHF).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG