Справу разглядаў старшыня суду Мастоўскага раёну Віталь Сініла.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», працэс праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме. Прычына — «эпідэміялягічная сытуацыя».
Падставай да крымінальнага працэсу стала сэрыя «цынічных акцый» у верасьні-кастрычніку 2020 году: размалёўваньне прыпынкаў, нанясеньне выяваў бел-чырвона-белых сьцягоў, разьвешваньне на дрэвах пудзілаў у міліцэйскай форме і разьмяшчэньне таблічак у выглядзе рытуальных надмагільляў.
Гэтыя дзеяньні кваліфікаваныя паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства і злоснае хуліганства).
Акрамя таго, згодна з матэрыяламі справы, Віктар Царыкевіч разьмясьціў у адным з тэлеграм-чатаў «непрыстойны, прыніжальны для гонару і годнасьці камэнтар» пад здымкам старшыні Мастоўскага райвыканкаму Юрыя Валяватага. Дзеяньні кваліфікавалі паводле арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады).
Па сукупнасьці «злачынстваў» Віктара Царыкевіча пазбавілі волі тэрмінам на 1 год зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. І канфіскавалі ў яго машыну — як сродак зьдзяйсьненьня злачынства.