Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Яе абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП).
Паводле яе, 23 студзеня яе затрымалі за тое, што яна суправаджала хлопца, які пакінуў падстаўку ад яршка каля амбасады Расеі ў Менску. На ёй было напісана «Пуціну».
Тацяна расказала, што яе затрымліваў мужчына, які выбег з будкі каля расейскай амбасады, але сьведка-міліцыянт у судзе з гэтым не пагадзіўся, піша Onliner.
Відэа допыту апублікавала раней праўладная газэта «СБ. Беларусь сегодня».
23 студзеня ў Расеі прайшлі пратэсты з патрабаваньнем вызваліць апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. У іх, паводле розных ацэнак, узялі ўдзел больш за 100 тысяч чалавек. У штабах палітыка заяўляюць пра 250 тысяч удзельнікаў. Акцыі прайшлі больш як у 100 расейскіх гарадах і ў многіх гарадах за мяжой.
У некаторых гарадах людзі выходзілі на акцыі з туалетнымі яршкамі ў руках. Гэты прадмет фігураваў у расьсьледаваньні Фонду барацьбы з карупцыяй пра «палац Пуціна» пад Геленджыком. Аўтары сьцьвярджалі, што яршок з трымальнікам для туалетнай паперы набыты за 700 эўра.
У той дзень у Менску і іншых беларускіх гарадах людзі выстройваліся ў ланцугі салідарнасьці з палітвязьнямі, у прыватнасьці зь Ігарам Лосікам, які на той момант 40 дзён галадаў супраць незаконных абвінавачаньняў у свой адрас. Некаторыя таксама выказвалі салідарнасьць з расейцамі — у Маскве і іншых гарадах Расеі прайшлі масавыя акцыі пратэсту ў падтрымку Аляксея Навальнага. Тады сілавікі затрымалі па ўсёй Беларусі 120 чалавек.