Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пісаў, што частка новая, затое кіраўніцтва старое». Што вядома пра загінулага вайскоўца, які ахоўваў БелАЭС


Вучэньні на БелАЭС, архіўнае фота
Вучэньні на БелАЭС, архіўнае фота

Загінулы ў Астраўцы салдат тэрміновай службы Кірыл Стацэнка да прызыву ў войска працаваў электрыкам на адным з прыватных прадпрыемстваў у Бараўлянах пад Менскам.

18-гадовага хлопца прызвалі ў вайсковую частку 7434 летась у лістападзе. Ягоныя сябры расказалі парталу Tut.by, што ён меў пайсьці служыць раней, але перад прызывам зламаў руку.

«У войска ішоў, не скажу, каб зь вялікім жаданьнем, але з разуменьнем, што трэба адслужыць, гэта значыць не «касіў». Дарэчы, ніводнага разу не скардзіўся, жартаваў толькі, што частка новая, затое кіраўніцтва старое», — кажа адзін зь сяброў.

У фірме, дзе да арміі пачынаў практыкавацца Кірыл Стацэнка, працуе і ягоная мама. Хлопец быў заўсёды зь ёй на сувязі.

«Званіў ён маме досыць часта. Тэлефоны там у іх не забіралі. Галоўная ўмова — каб апарат быў бяз фота- і відэакамэры. Кірыл, мяркуючы па званках і маміным настроі, службай быў задаволены», — гавораць сябры, характарызуючы Кірыла як лагоднага, жыцьцярадаснага чалавека.

Вайсковец унутраных войскаў Кірыл Стацэнка загінуў 25 студзеня на тэрыторыі вайсковай часткі 7434. Яе адкрылі ў Астравецкім раёне ў сакавіку 2017-га для аховы аб’ектаў БелАЭС.

«Увечары 25 студзеня паступіла паведамленьне аб сьмяротным агнястрэльным траўмаваньні пры нясеньні службы 18-гадовым вайскоўцам. Узятыя запісы камэраў відэаназіраньня, якія зафіксавалі, як вайсковец стрэліў са зброі ў сябе», — паведамілі ў Сьледчым камітэце.

Цяпер праводзіцца праверка з высьвятленьнем усіх абставінаў надзвычайнага здарэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG