Міністэрства абароны 9 чэрвеня паведаміла пра сьмерць маёра Сьвірыда І.Д. Афіцыйная прадстаўніца ведамства Натальля Гаўрусік паведаміла Свабодзе, што начальнік службы адной з мэханізаваных вайсковых частак учыніў суіцыд.
«Міністэрства абароны прыносіць спачуваньні сям’і загінулага, — сказала Свабодзе прадстаўніца Міністэрства абароны Натальля Гаўрусік. — Факт суіцыду пацьвярджаем. Інфармацыя з інтэрнэту пра тое, што са склада зьніклі боепрыпасы, не адпавядае рэчаіснасьці. Усе боепрыпасы на месцы».
Учора 8 чэрвеня ад агнястрэльнага раненьня загінуў 20-гадовы радавы зэнітнай ракетнай брыгады Сяргей Валошын. Паводле тэлеграм-каналу Nexta, салдат скончыў жыцьцё самагубствам. Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. Сьледчы камітэт паведаміў Свабодзе, што «разьбіраецца ва ўсіх абставінах таго, што адбылося».
Сябры Валошына ў самагубства ня вераць і кажуць, што хлопец быў дастаткова «спакойны і мог перажыць праблемы», калі б яны былі. Па іх словах, сям’я нябожчыка даведалася пра здарэньне 9 чэрвеня.
З пачатку 2020 году вядома яшчэ пра тры сьмерці вайскоўцаў з розных прычын.