26 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску адбыліся спрэчкі ў справе аб нападзе на супрацоўніка АМАПу ды нанясеньні яму цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, піша Tut.by. Абвінавачаны — 32-гадовы прадпрымальнік Віктар Барушка пасьля затрымання 18 кастрычніка 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД, а на судзе заявіў пра катаваньні.
Па гэтым артыкуле мужчыну пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Судовае пасяджэньне вядзе Марына Запасьнік, дзяржабвінавачаньне прадстаўляе Аляксандар Рамановіч, адвакат — Натальля Яфімчык.
Пракурор запытаў для Барушкі 5 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сваёй віны, як і на сьледзтве, так і на судзе, у тым ліку ў апошнім слове, Барушка не прызнаў.
«Маё выхаваньне, прынцыпы, погляды, каштоўнасьці не дазваляюць мне прычыніць якую-кольвек шкоду ні аднаму чалавеку, незалежна ад яго прафэсіі, веравызнаньня, цывільнай асобе або супрацоўніку сілавых структураў».
Чакаецца вынясеньне прысуду ў справе.