У сквэры каля колішняга Менскага габрэйскага гета 24 студзеня адбыўся пікет з заклікам да нарвэскай кампаніі-вытворцы калійных угнаеньняў Yara не падпісваць новы кантракт зь «Беларуськаліем» — адным з асноўных прадпрыемстваў, што прыносяць Беларусі валютную выручку. На плякатах менчукі напісалі патрабаваньні да нарвэжцаў не спансаваць рэжым Лукашэнкі.
Раней да гендырэктара Yara Свайна Тура Гульсэтэра зьвярнуўся ўдзельнік шахтарскага страйку на «Беларуськаліі» Дзьмітры Кудзялевіч. Ён заявіў, што ў Беларусі працягваюцца «недапушчальныя рэчы», у кватэры «ўрываюцца ўзброеныя людзі» толькі за нацыянальныя песьні, герб ці сьцяг.
«Ці вядома вам, спадар Гульсэтэр, што з моманту вашага першага візыту ў Беларусь у верасьні і па сьнежань 78 страйкоўцаў у суме правялі пад арыштам 665 дзён?! А гэта амаль 2 гады. Сумарна штрафы былі тоесныя амаль 12 тысячам даляраў. Адзін з удзельнікаў страйку зазнаў катаваньні ў ізалятары, працяглы час пасьля арышту адчуваючы ўзьдзеяньне хімічнага рэчыва, якое было ў ягонай камэры».
Кудзялевіч задаў у відэазвароце пытаньне, ці дапушчальна такое ў дэмакратычнай Нарвэгіі, якая зьяўляецца эталёнам шанаваньня правоў чалавека. Нагадаў удзельнік страйку і аб тым, што шэраг яго звольненых калег увосень «выкінулі з жытла», якое прадстаўляў «Беларуськалій», разам з жонкамі і дзецьмі. Жнівеньскія абяцаньні кіраўніцтва аказаліся хлусьлівымі.
Yara, на думку Дзьмітрыя Кудзялевіча, ня мае права заключаць кантракт, каб потым зрабіцца «закладнікам абставін» у сувязі з далейшымі магчымымі дзеяньнямі гендырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага і ягоных калегаў. Ад пазыцыі нарвэскай кампаніі залежыць бясьпека і жыцьцё сем’яў шахтароў, якія апынуліся пад пагрозай расправы з боку «злачыннага рэжыму Лукашэнкі».