Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не паддавацца на падачкі злачыннай улады». Страйкам «Беларуськалію» адказаў кіраўніцтву прадпрыемства


Генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты. Архіўнае фота.
Генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты. Архіўнае фота.

Страйкамаўцы «Беларуськалію» адказалі кіраўніцтву прадпрыемства, пры якіх умовах магчымае аднаўленьне на працы звольненых раней шахтароў і інжынэрных супрацоўнікаў.

У прыватнасьці, страйкам «Беларуськалію» заявіў, што прапанова аднавіць удзельнікаў страйку на працы — гэта «шырма» для нарвэскай кампаніі Yara, каб падпісаць новы кантракт і разваліць пратэст:

«Адноўленыя працаўнікі ўсё роўна празь некаторы час пасьля таго, як сытуацыя супакоіцца, будуць звольненыя на надуманых падставах. Іншадумства на „Беларуськаліі“ ніколі не віталася. Але справа нават ня ў гэтым. Сьмелыя шахтары ўвайшлі ў страйк, бо не маглі мірыцца з тым самаўпраўствам і беззаконьнем, якія дзеюцца ў Беларусі. Таму абмяркоўваць спыненьне страйку магчыма толькі пасьля выкананьня нашых законных патрабаваньняў».

На сваім сайце беларуская дзяржаўная кампанія заявіла, што «па выніках рэгулярнага дыялёгу» гатовая ўзаемадзейнічаць з нарвэскай кампаніяй Yara на доўгатэрміновай аснове. Акрамя таго, кіраўніцтва прадпрыемства заявіла, што з работнікаў здымаюцца дысцыплінарныя спагнаньні, а звольненых могуць прыняць назад на працу «ў выпадку падачы імі адпаведных заяваў».

Пры гэтым 19 студзеня калегія Вярхоўнага суду адхіліла апэляцыйную скаргу старшыні страйкаму Анатоля Бокуна на рашэньне Менскага абласнога суду, які летась у верасьні прызнаў страйк незаконным. 20 студзеня страйкам заклікаў нарвэскую кампанію разарваць кантакт зь іх прадпрыемствам, бо кіраўніцтва парушае правы працоўных.

Патрабаваньні страйкаму ранейшыя, бязь іх выкананьня ніякі «дыялёг для птушачкі і пылу ў вочы» немагчымы, заяўляюць салігорскія шахтары. Яны патрабуюць:

  • Прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году несапраўднымі
  • Спыніць перасьлед грамадзян краіны за грамадзянскую пазыцыю
  • Вызваліць усіх палітычных зьняволеных і ўдзельнікаў мірных пратэстаў
  • Пачаць крымінальныя справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых структур, якія парушылі закон
  • Правесьці новыя сумленныя выбары прэзыдэнта
  • Прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну да адказнасьці за злачынствы супраць народу і фальсыфікацыю выбараў.

«Цяпер важна не паддавацца на саступкі і падачкі злачыннай улады. У нас адна мэта — зьмяніць рэжым, які парушае базавыя правы людзей», — адзначаецца ў адказе ўдзельнікаў страйку кіраўніцтву «Беларуськалію».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG