Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачаліся праблемы са здароўем, скача ціск». Ігар Лосік галадае ўжо 36 дзён


19 студзеня Ігара ў жодзінскім СІЗА наведаў адвакат Дзьмітры Лепрэтар.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня — ужо 206 дзён. Апошнія 36 зь іх Ігар галадае.

«Ігар мае намер працягваць галадоўку. Ён ня хоча спыняцца. Адчувае сябе горш, чым падчас мінулай сустрэчы. Ігар сам пра гэта расказаў. У яго зьявілася слабасьць і праблемы зь ціскам. Раніцай ён вельмі нізкі, проста вельмі. А ўвечары падвышаны. Ціск Ігару мерае лекар, ён таксама цікавіцца яго самаадчуваньнем. Таксама былі гутаркі з псыхолягам у Ігара», расказаў Дзьмітры Лепрэтар.

Па словах адваката, да Ігара пачалі даходзіць лісты. Іх яму перадалі на мінулым тыдні. У пятніцу Ігар атрымаў каля 80 лістоў, пасьля яшчэ па 10, па 20 запар. Усе лісты датаваныя яшчэ канцом 2020 году.

«Сярод іншых дайшло некалькі лістоў ад родных, — кажа адвакат. — Ігар вельмі рады ім. Ён сочыць за сытуацыяй, ведае, што адбываецца. Перадаваў вялікае прывітаньне ўсім, хто яго падтрымлівае. Асабліва рады паштоўцы, якую атрымаў ад Маляваныча (актора Аляксандра Ждановіча. — РС). Яна яго вельмі падбадзёрыла. Перадае падзяку прадстаўніцтву Эўразьвязу ў Беларусі. Ведае пра яго заяву, дзякаваў за падтрымку. Усім неабыякавым людзям дзякуе, хто яго падтрымлівае. Прадстаўнікам дыяспары таксама. Ігар ведае, што адтуль яму таксама пішуць, яго там падтрымліваюць».

  • Галадоўку на знак пратэсту Ігар Лосік абвясьціў 15 сьнежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачаньні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Лосіка абвінавачвалі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
  • Шэраг вядомых асобаў, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская і Зьміцер Дашкевіч, заклікалі Ігара спыніць галадоўку. Аднак ён адмовіўся гэта рабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG