У судзе яна будзе абараняць сябе сама, паведамляе «Брэсцкая газета».
Жыхарцы вёскі Ткачы Пружанскага раёну, 63-гадовай Алене Гнаўк, якую неаднаразова затрымлівалі ў Берасьці за ўдзел у акцыях пратэсту і каралі за гэта штрафамі і арыштам, 15 студзеня прадʼявілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе пводле часткі 1 артыкулу 342.
Гаворка ідзе пра падзеі, якія адбываліся 13 верасьня мінулага году ў Берасьці, калі адбылася маштабная акцыя пратэсту, якая закончылася карагодам на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкта Машэрава і наступным разгонам пратэстоўцам вадамётам. Праз два дні за гэта завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках.
Як сказана ў пастанове аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанай, устаноўлена, што Алена Гнаўк у групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзяла актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэньне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. Згодна з дакумэнтам, прастоем тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек.
Да 70 чалавек пад пагрозай прыцягненьня да адказнасьці ў «карагоднай справе»
У канцы верасьня Сьледчы камітэт Берасьцейскай вобласьці паведамляў, што адносна падзей 13 верасьня ў абласным цэнтры распачатая крымінальная справа паводле 1 часткі 342 артыкула аб дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. «Высьветленыя і прызнаныя падазраванымі 20 чалавек, якія рабілі супрацьпраўныя дзеяньні», паведамлялі ў СК.
Па зьвестках праваабаронцы зь Берасьця Ўладзімера Вялічкіна, з таго часу «карагодная справа» значна пашырылася. Цяпер у ёй фігуруюць абвінавачанымі альбо падазраванымі каля 70 берасьцейцаў, але дакладнай лічбы праваабаронца назваць ня можа.
«37 чалавек фігуруе ў адным сьпісе, 19 у другім. Адных абвінавачваюць, другіх яшчэ падазраюць, але гавораць, што яшчэ высьвятляюць удзел іншых. Нашы зьвесткі — прыкладна пра 70 чалавек — збольшага супадаюць з дадзенымі праваахоўнікаў, але не выключаем, што і замалыя. Мерапрыемства ў той дзень было вялікае, толькі на праезную частку выйшла некалькі тысяч, але зусім не наўмысна, так склаліся абставіны. Цяпер улады ўсіх намагаюцца вылічыць і пакараць, каб аказаць маральны ціск ня толькі на ўдзельнікаў, а на ўсю грамадзкасьць Берасьця. Мэта, лічу, такая — запалохаць насельніцтва», — мяркуе праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Вялічкін.