У верасьні адбудзецца кангрэс МФХ у Санкт-Пецярбургу (Расея), тады ж будуць новыя выбары прэзыдэнта, сказаў у інтэрвію ТАСС Рэнэ Фазэль.
«Гэта дакладна мой апошні год на пасадзе прэзыдэнта МФХ. Гэта канец. Але я ў добрым настроі, я працягваю працаваць і цалкам аддавацца справе. Цяпер сытуацыя параўнальная з тым, што вы плаваеце ў моры і пачаўся шторм. І я павінен знайсьці спосаб, як выбрацца з гэтай сытуацыі».
Фазэль чарговы раз пракамэнтаваў становішча, у якім апынулася фэдэрацыя ў сувязі з выбарам месца правядзеньня чэмпіянату сьвету – 2021. Па яго словах, рада МФХ сустрэнецца па відэаканфэрэнцыі не 25, а ўжо 18 студзеня. І, хутчэй за ўсё, тады прымуць канчатковае рашэньне, пераносіць чэмпіянат зь Менску ці не.
Фазэль прызнаў, што дзеячы арганізацыі апынуліся пад вялікім палітычным ціскам. За тыдзень да візыту швайцарца ў Менск Фонд спартовай салідарнасьці Беларусі напісаў лісты фундатарам Міжнароднай фэдэрацыі хакею, заклікаючы іх не падтрымліваць турнір і байкатаваць яго.
«У нас сур’ёзныя праблемы як са спонсарамі, так і з палітычнага боку. Гэта дрэнная сытуацыя, нам вельмі цяжка пайсьці супраць яе. У нас ёсьць моцнае рашэньне правесьці чэмпіянат. Калі нам трэба будзе памяняць месца яго правядзеньня, то ў нас ёсьць прапановы з Латвіі і Даніі, а таксама мы ў стадыі абмеркаваньня правядзеньня турніру з Братыславай».
Латвія раней заявіла пра тое, што гатовая прымаць чэмпіянат сьвету адна, а вось зь Беларусьсю, дзе Лукашэнка застаецца пры ўладзе і чыніць далейшыя рэпрэсіі супраць народу, яна прымаць турнір адмовілася.
Фазэль адказаў і на пытаньне пра свае адносіны зь віцэ-прэзыдэнтам МФХ, пасаду якога займае фін Калерва Кумала. Раней ён выступіў адназначна супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі. Фазэль прызнаў, што апошнім часам адносіны вельмі напружаныя, але параўнаў сытуацыю з палітыкай, дзе «заўсёды ёсьць апазыцыя».