У Слуцку Менскі абласны суд другі раз асудзіў Віктара Скрундзіка на сьмяротнае пакараньне, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Першы раз Скрундзіка асудзілі на сьмерць летась 6 сакавіка, але 30 чэрвеня Вярхоўны суд вярнуў справу на новы разгляд.
На новым разглядзе справы пракурор запрасіў такія ж тэрміны, што і да адмены Вярхоўным судом:
- Вікрату Скрундзіку — расстрэл,
- Валянціну Бушніну — 18 гадоў,
- Віталю Мяцежу — 22 гады,
- Сяргею Захарчанку — 1 год папраўчых работ з утрыманьнем 10% заробку.
У сваім апошнім слове 11 студзеня Віктар Скрундзік казаў, што раскайваецца ва ўчыненым і папрасіў прабачэньня ў сваякоў загінулых.
Ён падкрэсьліў, што ня ведаў у момант падпалу, што пацярпелыя былі яшчэ жывыя. Калі даведаўся, што яго саўдзельнік не задушыў аднаго з мужчын, а толькі пазбавіў прытомнасьці, то адразу папрасіў выклікаць МНС, а затым двойчы паспрабаваў залезьці ў дом, каб выратаваць, але яго не пусьцілі супрацоўнікі МНС, паведамляў mlyn.by.
Што адбылося?
У справе чатыры эпізоды. Два пра забойствы, адзін пра замах на забойства і адзін пра крадзеж бэнзакасілкі ў лістападзе 2018 году.
Тады Сяргей Захарчэня разам зь Віталём Мяцежам скралі ў жыхара вёскі Цяраспаль Леаніда Паўлюкевіча бэнзакасу коштам 124 рублі. Яе забралі з хаты Паўлюкевіча «пасьля сумеснага расьпіцьця алькагольных напояў». Касу здалі ў лямбард у Слуцку, а выручаныя 50 рублёў прапілі.
Паводле сьледзтва, 14 студзеня 2019 году Віктар Скрундзік разам з Валянцінам Бушніным у вёсцы Сухоўчыцы Капыльскага раёну прабраліся ў хату мясцовага жыхара Міхаіла Шугалея. Скрундзік, як даводзіць сьледзтва, пачаў біць старога, патрабуючы сказаць, дзе той хавае грошы. Шугалей упаў, выцяўся галавой. Пасьля Скрундзік, паводле сьледзтва, накінуў старому на шыю вяроўку і прыдушыў, а потым падпаліў дом. Разам бандыты завалодалі 50 рублямі пэнсіянэра. У дыме Міхаіл Шугалей задыхнуўся, ягоныя дом і маёмасьць згарэлі.
21 студзеня таго ж году ў вёсцы Ўльянаўцы Слуцкага раёну Віктар Скрундзік і Віталь Мяцеж прыйшлі да 94-гадовага Ўладзімера Гаркавага, нібыта каб пазычыць грошы. Першым, паводле сьледчых, таксама біў Скрундзік. Стары паваліўся, ударыўся галавой аб зэдлік, а Мяцеж двойчы ўдарыў яго бутэлькай па галаве і прыдушыў кабэлем. У выніку завалодалі 180 рублямі, 4 бутэлькамі гарэлкі і 1 бутэлькай віна. Дом падпалілі. Экспэртыза потым высьветліла, што стары задыхнуўся ў дыме. Згарэў, сярод іншага, гарнітур вэтэрана з баявымі і юбілейнымі ўзнагародамі. Пагарэлыя дом і маёмасьць ацанілі больш як у 10 тысяч рублёў.
Увечары ў той жа дзень, 21 студзеня, Віктар Скрундзік у вёсцы Сухоўчыцы Капыльскага раёну прабраўся ў дом Соф'і Мацэлі, ад якой патрабаваў выпіўкі. Ударыў ды прыдушыў гаспадыню, забраў грошы і бутэльку самаробнага віна. Можа, і гэты дом падпаліў бы, але вырашыў скрасьці тэлевізар. Выносячы, сутыкнуўся з суседам, таму мусіў уцякаць. Хаваўся нядоўга: на пачатку лютага ўсіх удзельнікаў банды затрымалі.