Хто гэтыя людзі і чаму сацсеткі лічаць неабходным рэгуляваць іх выказваньні? Расказвае карэспандэнтка «Настоящего времени» Кацярына Кочкіна.
Штурм Капітолія і пагроза узброеных пратэстаў падчас інаўгурацыі Джо Байдэна — усё гэта справа рук цэлай пляяды правых амэрыканскіх рухаў.
Вядома, ня ўсе ўдзельнікі акцыі шостага студзеня — радыкалы. Сярод іх ёсьць і памяркоўныя прыхільнікі ідэй MAGA. Гэта абрэвіятура ад «Make America Great Again» (зробім Амэрыку вялікай зноў) — спокліча, зь якім чатыры гады таму перамог на выбарах Трамп.
Значна большую пагрозу ўяўляюць альт-райты (альтэрнатыўныя правыя), нэанацысты, экстрэмісты, кансьпіролягі і белыя супрэматысты — адэпты ідэі перавагі белай расы. Удзельнікі гэтых рухаў, паводле інфармацыі ФБР, проста цяпер распаўсюджваюць заклікі выйсьці са зброяй на маршы супраць інаўгурацыі.
Супольнасьць аматараў тэорыі змовы QAnon
Менавіта сябрам гэтай арганізацыі зьяўляецца Джэйкаб Чэнсьлі, ён жа Джэйк Анджэлі. Гэта чалавек у футравай шапцы з рагамі, які запомніўся тым, хто сачыў за штурмам Капітолія. Супольнасьць містыфікатараў, шаманам якой абвясьціў сябе Чэнсьлі, зарадзілася на форуме 4chan крыху больш за тры гады таму. Сёньня, паводле дадзеных апытаньняў агенцтва Civiqs, каля 6% амэрыканцаў кажуць, што так ці іначай вераць у кансьпіралёгію QAnon.
Міталёгію супольнасьці можна апісаць прыкладна так: Дональд Трамп прыйшоў да ўлады, каб выявіць здраднікаў унутры дзяржаўнага апарату і раскрыць змовы, якія плятуць Клінтан, Ротшыльды і, вядома ж, пастаянная зорка любой кансьпіралёгіі — Джордж Сорас. Кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі, паводле тэорыі, пакланяецца сатане, і ў вольны час займаецца гандлем дзецьмі — тымі, каго яны яшчэ не пасьпелі прынесьці ў ахвяру.
Спэцслужбы таксама скампрамэтаваныя, а давяраць можна толькі Нацгвардыі і ВПС, якімі кіруе Дональд Трамп.
Пра СМІ і казаць няма чаго: усе гэтыя міты, мала чым адрозныя ад клясычных тэорый змовы, публікаваў адзін і той жа аўтар за подпісам Q — ён выдаваў сябе за крыніцу ў найбліжэйшым атачэньні Трампа. Асобна Q любіў задаваць паўпытаньні-паўнамёкі: напрыклад, ці быў учора на сустрэчы з прэзыдэнтам генпракурор Джэф Сэшнз або хто падрадчык на рамонт Белага дому, — і чытачы кідаліся шукаць на іх адказы і глыбокія сэнсы.
Паступова QAnon стаў амаль мэйнстрымам. Сярод яго адэптаў ёсьць знакамітасьці, чальцы Кангрэсу і нават былы дарадца Трампа ў галіне бясьпекі. Паведамленьні QAnon посьціў у інстаграме і сын Дональда Трампа Эрык.
Да сярэдзіны 2020 году рух набыў такія маштабы, што кансьпіролягаў пачалі масава баніць ў Twitter і Facebook, а ўвесь створаны імі кантэнт — блякаваць. За год да гэтага ФБР называла прыхільнікаў QAnon пагрозай ўнутранага тэрарызму.
Proud Boys
Яшчэ адзін папулярны сярод прыхільнікаў Трампа радыкальны рух — Proud Boys (Гордыя хлопчыкі). Яго заснавальнік Гэвін Макінэс — бруклінскі хіпстэр брытанска-канадзкага паходжаньня, вядомы як адзін з заснавальнікаў выданьня Vice Media, пасьля выгнаны адтуль.
Рух Proud Boys, назва якога запазычана зь песьні, якая не ўвайшла ў дыснэеўскі «Аладзін», пачынаўся чатыры гады таму як клюб для мужчын, апошні аплот патрыярхальнай заходняй цывілізацыі.
Пазьней «гордыя хлопчыкі» прынялі ў свае шэрагі пэўную колькасьць нэанацыстаў, апрануліся ў пола ад Fred Perry — неад’емны атрыбут скінхэдаў, і апалчыліся на ўдзельнікаў акцый супраць паліцэйскага гвалту. У разгар прэзыдэнцкіх дэбатаў ад Трампа патрабавалі уціхамірыць Proud Boys.
На пратэстах прыхільнікаў Трампа ў Вашынгтоне былі заўважаныя ўдзельнікі, якія маркіравалі сябе і больш экстрэмісцкай сымболікай. Напрыклад, чалавек у байцы зь лягатыпам нэанацысцкай групы Skrewdriver. Або барадаты мужчына ў сьвітшоце «Лягер Аўшвіц. Праца вызваляе» (пераклад надпісу з брамы канцлягера «Асьвенцім») на здымку са штурму Капітолія.
Сацсетка Parler
З амэрыканскімі нэанацыстамі, «гордымі хлопчыкамі», QAnon і іншымі праварадыкальнымі групоўкамі актыўна змагаюцца Facebook, Google і Twitter. Таму ў амэрыканскіх правых зьявілася свая сацыяльная сетка — Parler. Зь сярэдзіны 2018 году яна набрала амаль 15 млн карыстальнікаў, прычым пік актыўнасьці прыпаў на лета 2020 году.
На Parler ёсьць і цытаты Гітлера, і заклікі выходзіць са зброяй на вуліцы амэрыканскіх гарадоў, і чаты з плянамі штурму Капітолія.
Apple і Goоgle заблякавалі прыкладаньне ў сваіх крамах, а Amazon адмовіў сайту Parler у хостынгу.
Але зьнікненьне нават з калямэйнстрымных сацсетак не прымусіла праварадыкальных прыхільнікаў Трампа замаўчаць. Адразу некалькі распрацоўшчыкаў абвінавацілі вялікую тройку амэрыканскіх тэхнічных кампаній — Apple, Goоgle, Amazon — у спробах цэнзуры.
Зразумела, ня ўсе зацятыя прыхільнікі Трампа — нацысты і праварадыкалы. Але з кожным днём іх усё больш аб’ядноўвае схільнасьць да кансьпіралёгіі і страх, што Дэмакратычная партыя і нібыта ўбудаваныя ў «глыбінную дзяржаву» карпарацыі адбяруць у іх дзьве галоўныя папраўкі ў Канстытуцыю ЗША — свабоду слова і свабоду на нашэньне зброі. Хоць рэальных перадумоў да гэтага няма.