Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне вяскоўца судзяць за сьнегавіка з чырвоным шалікам у сваім двары


Сьнегавік зь лёзунгам «Жыве Беларусь», Гомельшчына. Фота з фэйсбуку Леаніда Судаленкі.
Сьнегавік зь лёзунгам «Жыве Беларусь», Гомельшчына. Фота з фэйсбуку Леаніда Судаленкі.

Суд Гомельскага раёну 14 студзеня разглядаў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да 51-гадовага жыхара вёскі Маркавічы Сяргея Качалава.

Сяргей Качалаў 24 сьнежня зьляпіў у сябе ў двары сьнегавіка, упрыгожыў яго чырвоным шалікам, напісаў на сьнезе «Жыве Беларусь!».

Назаўтра сьнегавік растаў, а ўчастковы склаў пратакол за «несанкцыянаваны пікет». Справу разглядала судзьдзя Тамара Застаўнецкая.

Сяргей жыве ў Маркавічах Гомельскага раёну. Яму 51 год, мае інваліднасьць трэцяй групы. Ён заўсёды рабіў узімку сьнегавікоў, прыходзілі суседзі, фатаграфаваліся зь імі. Зрабіў сьнегавіка і 24 сьнежня — як толькі выпаў сьнег, прычапіў яму чырвоны шалік, напісаў «Жыве Беларусь».

Сяргей Качалаў у судзе за сьнегавіка. Гомель, 14 студзеня.
Сяргей Качалаў у судзе за сьнегавіка. Гомель, 14 студзеня.

«Ну а што? Хіба не жыве Беларусь? Чаму так нельга пісаць?» — заўважыў Сяргей. Кажа, што ягонага сьнегавіка фатаграфавалі суседзі, і ў тым ліку «некаторыя нехарошыя людзі». «Падбегла нейкая маладая дзяўчына — я яе ня ведаю. Зьняла сьнегавіка і ўцякла. Відаць, яна і данесла ў міліцыю», — кажа Сяргей. Участковы склаў пратакол за «несанкцыянаваны пікет» па артыкуле 23.34 КаАП.

«Я палітычных мэтаў не высоўваў, ня бегаў са сьцягамі, нічога не крычаў. Я зрабіў сьнегавіка і напісаў „Жыве Беларусь“, як Купала казаў. Трэба было, мусіць, напісаць „Не жыве Беларусь“. Мы як усе людзі на сьвеце... толькі чамусьці нас гнятуць!», — выказаўся на судзе вясковец.

«Ці быў бачны сьнегавік з вуліцы?» — пыталася судзьдзя.
«Жонка даведалася, што там бегаюць, крычаць — пайшла і сьцерла надпіс і шалік чырвоны зьняла», — дадаў Сяргей

Судзьдзя накіравала матэрыялы справы на дапрацоўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG