Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку калегаў, звольненых з Акадэміі навук


Будынак Акадэміі навук
Будынак Акадэміі навук

Прадстаўнікі беларускай акадэмічнай навукі выказалі занепакоенасьць звальненьнямі з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук супрацоўнікаў, якія бяруць актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці краіны.

«Стала вядома аб непрацягненьні кантрактаў цэлай групе высокакваліфікаваных навукоўцаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, якія найбольш актыўныя ў дзейнасьці прафсаюзу, рэальна абараняючы правы супрацоўнікаў. Цяпер, калі дзейнасьць прафсаюзаў прызнаная дзяржавай як надзвычай важная, такі падыход выглядае дзіўным», — гаворыцца ў звароце, пад якім падпісаліся больш за 800 чалавек.

Падставай звароту стаў перасьлед за грамадзянскую пазыцыю супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі і Інстытуту агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэта кандыдаты гістарычных навук Мікалай Волкаў, Аляксей Шаланда, Кацярына Крывічаніна, кандыдат філялягічных навук Аляксандар Жлутка, навуковыя супрацоўнікі Андрэй Радаман, Тацяна Папоўская, Уладзімер Шыпіла, а таксама Сяргей Бесараб.

Асаблівую трывогу навукоўцаў выклікае тое, што некаторыя калегі атрымалі паведамленьні аб непрацягненьні кантрактаў неўзабаве пасьля таго, як падрыхтавалі незалежныя экспэртныя заключэньні ў пытаньнях, якія найбольш востра хвалююць беларускае грамадзтва.

Рэпрэсіі ў адносінах да прафэсіяналаў, якія выконваюць свае непасрэдныя абавязкі, недапушчальныя, адзначаюць падпісанты. Тым больш што ўсе пацярпелыя маюць высокую кваліфікацыю, мноства публікацый, патэнтаў, салідную рэпутацыю ў міжнароднай навуковай сфэры.

Сьпіс рэпрэсаваных дадаецца да гэтага ліста і пастаянна папаўняецца.

Паводле навукоўцаў, фармальныя падставы звальненьня супрацоўнікаў выклікаюць абгрунтаваныя сумненьні, страта навуковых кадраў выкліча зьніжэньне якасьці дасьледаваньняў у напрамках, якія разьвівалі гэтыя экспэрты.

Апрача таго, абставіны падобных звальненьняў кідаюць цень на рэпутацыю Акадэміі навук і яе інстытутаў, падрываюць давер да кіраўніцтва і ствараюць нэгатыўную працоўную атмасфэру, пішуць аўтары звароту.

Навукоўцы заклікалі кіраўніцтва НАН і яе інстытутаў адмовіцца ад практыкі палітычна матываваных скарачэньняў і ціску ды працягнуць кантракты беспадстаўна звольненым супрацоўнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG