Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе над пратэстоўцамі ў Горадні выступіў пацярпелы амапавец «Іван Іваноў», схаваўшыся ў суседнім пакоі


Затрыманьні ў Горадні, верасень 2020
Затрыманьні ў Горадні, верасень 2020

На крымінальным працэсе аб масавых беспарадках пацярпелых сілавікоў дапытваюць праз прачыненыя дзьверы, прозьвішчы іх зьмененыя.

13 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Горадні ідзе крымінальны працэс у дачыненьні да пяці горадзенцаў, якіх вінавацяць у парушэньні двух артыкулаў кодэксу.

Як паведамляе «Горадзенская Вясна», на лаве падсудных 5 чалавек — браты Ўладзімер і Юры Седзянеўскія, Аляксандар Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сьцепанцова.

Працэс вядзе судзьдзя Ганна Лявусік.

Усіх вінавацяць паводле артыкулаў 342 (частка 1) і 364 Крымінальнага кодэксу. Справа пачатая за падзеі ў Горадні 6 верасьня 2020 году.

У першы дзень працэсу 12 студзеня заслухалі абвінавачаных. Другі дзень пачаўся з таго, што пракурор Аліна Чужаземец зрабіла заяву.

«Пацярпелыя асьцерагаюцца за сваё жыцьцё і здароўе, таму просяць правесьці працэс аддалена. З прычыны рэальнай пагрозы зьявіцца ў суд яны ня могуць у сувязі са службовай дзейнасьцю».

На гэта адна з адвакатаў заявіла, што меры бясьпекі ўжо былі ўжытыя, прозьвішчы 11 пацярпелых зьмененыя, у органы ўнутраных спраў з заявамі пра пагрозы ім ці іх родным не зьвярталіся. Такім чынам, няма юрыдычных падставаў хаваць твар у судзе.

Аднак судзьдзя Лявусік прыйшла да высновы, што маюцца падставы дапытваць пацярпелых бязь іх візуальнай прысутнасьці. Апытаньне вырашылі праводзіць праз прачыненыя дзьверы дарадчага пакою за сьпінай судзьдзі.

Амапавец «Іван Іваноў» сказаў, што з крымінальнай справай не знаёміўся, але пацьвердзіў, што выкарыстаў газ каля міні-рынку. Маўляў, «ланцуг грамадзянаў перашкаджаў нашым законным дзеяньням». Затрымліваў тых, хто актыўна аказваў непадпарадкаваньне, стаяў у счэпцы, штурхаўся. Гэта быў крытэр для затрыманьня, дадаў ён.

Зброі ці палак у людзей не было, як і цялесных пашкоджаньняў. Тым ня меней пісаў заяву аб пагрозах і гарантаваньні яму бясьпекі — на Viber тэлефанавалі з пагрозамі.

«Іван Іваноў» ня змог сказаць, які боль яму прычынілі абвінавачаныя. Урэшце судзьдзя вызваліла яго ад судовага апытаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG