Падчас маршу затрымалі сем чалавек. Вэрсіі відавочцаў і міліцыі адрозьніваюцца, піша Hrodna.life.
Як расказалі відавочцы, наперадзе калёны ў Вішняўцы ішлі хлопец зь дзяўчынай. Яны заўважылі сярод людзей знаёмых амапаўцаў у цывільным. Хлопец пачаў папярэджваць людзей, тыя сталі сыходзіць.
«Тады амапаўцы зразумелі, што пасткі не атрымалася, і пачалі хапаць выпадковых прысутных», — распавёў гарадзенец Hrodna.life.
Меркавана гэта адбылося паміж 19:30 і 19:50. На марш сабралася ад 50 да 100 чалавек.
«Відавочцы перадаюць, што сярод ціхароў заўважылі жанчыну», — напісалі ўвечары 12 студзеня чытачы Hrodna.life.
Міліцыя прадставіла сытуацыю па-іншаму.
«Як толькі ўвечары невялікая група зь незарэгістраванай сымболікай пачала зьбірацца, паблізу пачулася каманда “Працуем, браты!”. У выніку затрымалі і даставілі ў РАУС сем удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства», — сказаў Яўген Дудко з прэс-службы УУС Горадзенскага аблвыканкаму.
Міліцыя паведаміла, што, дзякуючы АМАП, маршы не адбыліся ў мікрараёнах Фарты і Дзевятоўка.
У дачыненьні да семярых горадзенцаў пачалі адміністрацыйны працэс. Ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Як паведамілі іх блізкім у Кастрычніцкім РАУС, выязных судовых пасяджэньняў у бліжэйшыя дні не плянуецца.
Сярод затрыманых — сямейная пара. Іхняя дачка засталася з бабуляй.