У судзе Лагойскага раёну 12 студзеня пачаўся суд над аўтарам ютуб-каналу «Слуцак для жыцьця» Уладзімерам Няронскім. Зачытваньне абвінавачаньняў заняло каля 40 хвілінаў.
Блогера судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), піша «Вясна». Уладзімера Няронскага прызналі палітвязьнем. За кратамі ён ад 6 траўня.
Адначасна гэта й першы суд у «справе Ціханоўскага». Палітвязьня вінавацяць у публічнай абразе ў інтэрнэт-роліку старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага. Справу разглядае старшыня суду Лагойскага раёну Аляксандар Рыбакоў, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівае намесьнік пракурору Лагойскага раёну Аляксандар Ляўковіч.
Уладзімер Няронскі ўтрымліваецца ў жодзінскай сьледчай турме № 8. Згодна з вэрсіяй сьледзтва, ён па змове зь Сяргеем Ціханоўскім з дапамогай Youtube і Telegram удзельнічаў у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак у Гомлі, Мазыры, Берасьці, Менску, Слуцку, Горадні, Магілёве. У абвінавачаньні гаворыцца, што Няронскі «натхніўся заклікамі Ціханоўскага, Статкевіча, Севярынца» і стварыў свой канал «Слуцак для жыцьця» і 2 лютага нібыта сустрэўся зь Ціханоўскім, зь якім «разьмеркаваў ролі».
На думку сьледчых, сваімі ролікамі блогер «прапагандаваў беспакаранасьць». Асобнымі эпітэтамі ён нібыта абразіў старшыню Слуцкага выканкаму Янчэўскага і прынёс таму маральныя пакуты, якія «падарвалі яго аўтарытэт асабіста як прадстаўніка мясцовай выканаўчай улады і ў цэлым усёй мясцовай улады». Агулам зачытваньне ў судзе абвінавачаньняў заняло каля 40 хвілінаў.
Па артыкуле аб масавых беспарадках Уладзімер Няронскі прызнаў віну часткова. Ён сапраўды публікаваў ролікі, у якіх вельмі эмацыйна выказваўся, але ніякай змовы зь Ціханоўскім і іншымі не было. Што да абразы, блогер прызнаў віну ў поўным аб’ёме, сказаў, што гатовы публічна прынесьці прабачэньні.
Падчас допыту Няронскага ў судзе той заявіў, што лічыць яго «правай рукой Ціханоўскага» было недарэчна, паколькі Ціханоўскі яму не давяраў, бо хтосьці яму сказаў, што слуцкі блогер — «засланы казачок ад КДБ». Па словах падсуднага, супольнай мовы зь Ціханоўскім ён так і не знайшоў.
«Зь Ціханоўскім у нас былі розныя погляды. Я вельмі дзёрзка выказваўся пра ўладу, а Ціханоўскі казаў, што нельга так эмацыйна выказвацца. Гэта відаць з майго першага жывога этэру з Мазыру, дзе ў дзяцей з інваліднасьцю хацелі забраць дзіцячы цэнтар „Вясёлка“. Але, дзякуй Богу, дзецям яго вярнулі, усё вырашылася. Я тады плакаў сам. Але Ціханоўскі пару разоў нэгатыўна выказаўся пра мае ролікі нібыта я занадта эмацыйны».
Уладзімер Няронскі расказаў, што за ўвесь час асабіста зь Ціханоўскім сустракаўся 4-5 разоў. Ніякіх грошай за разьмяшчэньне ролікаў у інтэрнэце ні ад Сяргея Ціханоўскага, ні ад іншых людзей ён не атрымліваў. На пытаньне пракурора аб знаёмстве са Статкевічам блогер адказаў адмоўна, а зь Севярынцам случак гутарыў толькі на тэму рэлігіі.
«Мы размаўлялі зь Севярынцам пра Бога. Мне гэтая палітыка-прастытуцыя нецікавая. Мне цікава было, як ён прыйшоў да Бога».
Таксама Няронскі сказаў, што кормяць яго толькі раз на дзень, а галаву трэба галіць, бо «заядаюць вошы». У самой жа камэры халодна. Падсудны не адносіць сябе да апазыцыі, а падзеі ў краіне назваў «генацыдам, які назапашваўся 26 гадоў». Менавіта бязладзьдзе ў краіне, а ня нейкія заклікі ў інтэрнэце справакавалі выхад людзей на вуліцы.