Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неўзабаве пачнецца суд». Справа журналістак «Белсату» ўжо ў пракуратуры


Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Кацярына Барысевіч
Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Кацярына Барысевіч

Пра гэта Свабодзе расказаў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш. Навінаў пра завяршэньне расьсьледаваньня ў справе Кацярыны Барысевіч з Tut.by пакуль няма.

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада разам з апэратаркай Дар’яй Чульцовай падчас стрыму з аднаго з дамоў, разьмешчаных на «плошчы Перамен». 20 лістапада абедзьвюм дзяўчатам выставілі абвінавачваньні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Журналістак перавялі з Акрэсьціна ў СІЗА Жодзіна, праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. Як расказаў Свабодзе муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш, суд у справе яго жонкі можа пачацца ўжо ў бліжэйшыя тыдні.

«Матэрыялы справы Кацярыны знаходзяцца ў пракуратуры, — гаворыць Ігар. — Ведаю зь ліста ад яе, што Каця чакае ўжо этапаваньня ў Менск. Яна піша, што чакае суду, але ня робіць ніякіх прагнозаў наконт яго выніку. Дату этапаваньня і суду пакуль не прызначылі, падрабязнасьцяў пра гэта мы ня ведаем. Можна меркаваць, што ў суд справу перададуць у сярэдзіне студзеня».

Ігар Ільяш зазначае, што абвінавачваньні жонцы выставілі праз пяць дзён пасьля затрыманьня: Кацярыну затрымалі 15 лістапада, а 20-га выставілі абвінавачаньне.

«Відавочна, нейкі плян у гэтых людзей, якія давалі дабро на Каціну справу, ёсьць. Калі параўнаць з тым, што адбываецца з Ігарам Лосікам, якога трымаюць паводле таго ж артыкулу зь лета мінулага году, то ў мяне два варыянты тлумачэньня такой хуткасьці, — кажа Ігар. — Альбо яны хочуць зрабіць паказальна жорсткі прысуд, каб запалохаць журналістаў. Сыгнал, каб не вялі ніякіх стрымаў, не асьвятлялі пратэстаў. Альбо іншы варыянт — хочуць „намаляваць“ мяккі прысуд, штраф альбо ўмоўны тэрмін ці хатні арышт. Каб хваля салідарнасьці зьнікла, каб не было падставаў зноў і зноў гаварыць пра арышт журналістак. І адначасова можна было б абмежаваць іх у прафэсійнай дзейнасьці».

Паводле Ігара Ільяша, судзіць Кацярыну Андрэеву будуць разам з Дар’яй Чульцовай. Адвакатка Дар’і знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні і амаль не дае інфармацыі пра стан яе падабароннай. Бацькі таксама неахвотна кантактуюць са СМІ. Аднак Чульцова і Андрэева паўсюль у дакумэнтах і матэрыялах справы праходзяць разам, таму можна меркаваць, што іх справа павінна разглядацца таксама ў адным працэсе. Першы тыдзень арышту Чульцова і Андрэева нават знаходзіліся ў адной камэры, але потым іх разьдзялілі. Журналісткі толькі аднойчы бачыліся ў калідоры СІЗА ў Жодзіна.

«Кацярына з кожным днём усё цяжэй пераносіць зьняволеньне, гэта адчуваецца, — кажа Ігар Ільяш. — Але яна захоўвае бадзёры настрой, баявы. У прынцыпе, яна ад самага пачатку рыхтавалася, што можа быць арышт, такое разьвіцьцё падзей. Крымінальная справа за прафэсійную дзейнасьць. Яна рыхтавалася псыхалягічна. Таму ў гэтым пляне яна трымаецца. Вядома, бываюць ноткі дэпрэсіўныя ў лістах. Але гэта натуральна. Я па сабе ведаю, што нават калі 15 дзён сядзіш, то бываюць перапады настрою. У цэлым Каця трымаецца добра. Што да стану здароўя, то пасьля пераводу ў Жодзіна ў Каці былі два моцныя алергічныя прыступы. Але потым ужо ўсё ў парадку, яна больш ня скардзілася».

Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч за кратамі ўжо 52 дні. Першыя некалькі сутак яна правяла ў «амэрыканцы», затым яе перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пра ход расьсьледаваньня справы «аб выдаваньні лекарскай тайны, якое мела цяжкія наступствы» амаль нічога невядома. Разам з Барысевіч у ёй праходзіць лекар Арцём Сарокін, які таксама знаходзіцца пад вартай. Вядома, што да Барысевіч у СІЗА даходзяць далёка ня ўсе лісты. Сама журналістка піша, што чакае суду, на ўмовы ўтрыманьня ня скардзіцца. Да яе даходзяць перадачы, настрой бадзёры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG