Пакуль палітыкі і спартовыя чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасьці пераносу зь Беларусі сёлетняга чэмпіянату сьвету па хакеі паводле палітычных прычынаў, у сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне, зьявілася галасы і з нагоды іншых прычын.
Сябра праўленьня Міжнароднай фэдэрацыі хакею з Чэхіі Пэтр Бжыза выказаў сумненні ў актуальнасці фактаў, якія Беларусь паведамляе аб каранавірусе.
Вядомы ў мінулым чэскі брамнік Бжыза, камэнтуючы інфармацыю аб магчымым пераносе ЧС-2021 з Менска па палітычных прычынах, заявіў, што МФХ атрымлівае скажоныя факты аб каранавірусе ў Беларусі. Яго цытуе чэскае выданьне www.lidovky.cz.
«МФХ таксама сочыць за сытуацыяй з каранавірусам у Беларусі, дзе павінна праходзіць група А з удзелам Чэхіі. У нас ёсьць сумненьні ў актуальнасьці фактаў, якія Беларусь паведамляе аб каранавірусе.
Мы запыталі справаздачы, у якіх выяўленыя некаторыя сур’ёзныя агаворкі, у якіх замяшчаецца неадпаведнасьць з нагоды актуальнасьці фактаў пра covid у Беларусі», — заявіў Бжыза.
Міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петжычак нядаўна выступіў за перанос чэмпіяннату з Менска з-за жорсткага падаўлення пратэстаў у краіне.
Пазбавіць Беларусь права правядзеньня турніру заклікаў Фонд спартовай салідарнасьці, які выступіў супраць фальсыфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсій Лукашэнкі да іншадумцаў. Таксама выразна сваю пазыцыю супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі выказалі дэпутаты Эўрапарлямэнту і віцэ-прэзыдэнт ІІХФ Калерва Кумала.
Падаецца, улады Беларусі самі ўжо ня вераць у рэальнасьць пакінуць права на чэмпіянат сьвету ў сябе, паколькі хакейны чэмпіянат сьвету не ўключылі ў пералік спартовых мерапрыемстваў на 2021 год. Гэта зьдзівіла нават прыхільнікаў Лукашэнкі, якія выступалі за правядзеньне турніру ў Беларусі.
Зборная Даніі 7 студзеня стала першай нацыянальнай камандай, прадстаўнік якой афіцыйна заявіў, што зборная не прыедзе на чэмпіянат сьвету, калі яго не перанясуць зь Беларусі ў іншую краіну.