Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бундэстагу заявілі, што ўрад Нямеччыны мусіць запатрабаваць пераносу хакейнага чэмпіянату сьвету зь Менску


Аляксандар Лукашэнка — заўзяты прыхільнік хакея
Аляксандар Лукашэнка — заўзяты прыхільнік хакея

Урад Нямеччыны павінен запатрабаваць пераносу зь Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі-2021, заявіла прадстаўніца фракцыі «Саюз-90/Зялёныя», дэпутатка Бундэстагу Маргарэт Баўзэ.

Дэпутатка, якая адказвае за пытаньні правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі, а таксама намесьніцай старшыні нямецка-беларускай парлямэнцкай групы, выказалася пра немагчымасьць адэкватнага ўспрыманьня маўчаньня нямецкіх уладаў на жахлівыя падзеі ў Беларусі.

«Заахвочваць дзяржаўны тэрор брутальнага дыктатару Лукашэнкі правам правядзеньня буйной міжнароднай падзеі было б цалкам няправільным сыгналам. Гэта мусіць усьвядоміць фэдэральны ўрад і запатрабаваць ад Нямецкага хакейнага саюзу і Міжнароднай фэдэрацыі хакея перанесьці чэмпіянат сьвету», — напісала Маргарэт Баўзэ на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Дэпутатка адзначыла, што сваю пазыцыю аб немагчымасьці правядзеньня ў Беларусі хакейнага ЧС яна выразна выказала ў аўтарытэтнай газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Міжнародная фэдэрацыя хакея (ІІХФ) пакуль не прыняла рашэньня аб лёсе ЧС-2021, які мелі прыняць Беларусь і Латвія. Раней урад Латвіі прасіў у сувязі з разгонам мірных дэманстрацыяў і катаваньнямі пратэстоўцаў у Беларусі перадаць правы асноўнага арганізатара іншай краіне. Прэзыдэнт ІІХФ Рэнэ Фазэль і рада фэдэрацыі выказалі меркаваньне, што для рашэньня неабходна больш часу.

Пазбавіць Беларусь права правядзеньня турніру заклікаў Фонд спартовай салідарнасьці, які выступіў супраць фальсыфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсій Лукашэнкі да іншадумцаў. Таксама выразна сваю пазыцыю супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі выказалі дэпутаты Эўрапарлямэнту і віцэ-прэзыдэнт ІІХФ Калерва Кумала.

Падаецца, улады Беларусі самі ўжо ня вераць у рэальнасьць пакінуць права на чэмпіянат сьвету ў сябе, паколькі хакейны чэмпіянат сьвету не ўключылі ў пералік спартовых мерапрыемстваў на 2021 год. Гэта зьдзівіла нават прыхільнікаў Лукашэнкі, якія выступалі за правядзеньне турніру ў Беларусі.

Зборная Даніі 7 студзеня стала першай нацыянальнай камандай, прадстаўнік якой афіцыйна заявіў, што зборная не прыедзе на чэмпіянат сьвету, калі яго не перанясуць зь Беларусі ў іншую краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG