Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагражалі, што забяруць дзіця», — трактарыст-блогер з Хойнікаў папрасіў палітычнага прытулку ў Латвіі


Cям'я палітуцекачоў Васільковых ў Латвіі: Яўген, Ксенія і Тацяна. Лягер для ўцекачоў.
Cям'я палітуцекачоў Васільковых ў Латвіі: Яўген, Ксенія і Тацяна. Лягер для ўцекачоў.

Мэханізатар Яўген Васількоў з Хойніцкага раёну пасьля перасьледу ўладаў зь сям'ёй зьехаў з Беларусі.

Трактарыст-блогер Яўген Васількоў распавёў Свабодзе пра прычыны свайго ад’езду ў Латвію. Там ён папрасіў палітычнага прытулку.

Зьяжджаць з Беларусі ён не хацеў.

«Але ў мяне не было выбару... Міліцыя склала пратакол за экстрэмізм. Пагражалі мне за тое, што я здымаю ролікі пра бардак у Хойніцкім раёне. Міліцыянты сказалі, што праз такую дзейнасьць у нас могуць забраць дзіця, якое мы ўсынавілі, бо яна сірата, і ёй няма яшчэ і пяці гадоў», — распавёў Яўген Васількоў.

У Латвіі ён атрымаў падтрымку — і ад уладаў, і ад беларускай дыяспары.

«Умовы тут нармальныя, не прападзём, я думаю. Тут, у Латвіі, сустрэўся з такімі людзьмі, ня тое, што я трактарыст, а рэжысэры, спартоўцы, адвакаты, людзі, якія зьехалі з дзецьмі... Спадзяюся, што змагу вярнуцца дахаты, хоць так бачу, што ўсё зацягнулася», — дадаў Яўген.

Тацьцяна Васількова, жонка трактарыста і блогера з Хойнікаў Яўгена Васількова каля суду. 3 жніўня 2020 году.
Тацьцяна Васількова, жонка трактарыста і блогера з Хойнікаў Яўгена Васількова каля суду. 3 жніўня 2020 году.

Увосень 2020 году Яўген Васількоў праз палітыку адсядзеў «суткі», страціў працу. Пасьля выбараў ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Хойніках.

У сьнежні 2020 году на Яўгена Васількова міліцыя склала пратакол за «экстрэмізм». Так міліцыя расцаніла перадрук матэрыялаў на канале «Хойнікі для жыцьця» з тэлеграм-каналу, які ў Беларусі афіцыйна прызналі экстрэмісцкім.

Яўген Васількоў жыў у вёсцы Віць Хойніцкага раёну, працаваў трактарыстам. Шырокую грамадзкасьць ён набыў пасьля роліку, у якім разважаў пра несумленныя выбары з пункту погляду вяскоўца. 3 жніўня яго затрымала міліцыя за «непадпарадкаваньне».

Яўген атрымаў па рашэньні суду 10 дзён арышту. Гэты арышт выклікаў рэзананс. Людзі пачалі акцыю дапамогі сям’і трактарыста — пералічвалі грошы, перадавалі рэчы для дзяцей.

Пазьней Яўген страціў працу. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Хойніках, вёў youtube-каналы «Хронікі мэханізатара» і «Хойнікі для жыцьця».

У апошніх роліках аўтар блогаў засяродзіўся на безгаспадарчасьці і гібеючых вёсках у Хойніцкім раёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG