У пятніцу трактарыст Яўген Васількоў, які скарыў карыстальнікаў інтэрнэту сваім ролікам-разважаньнем пра выбары, не вярнуўся дахаты з працы. Жонка Тацьцяна знайшла яго на ІЧУ. «Забралі за непадпарадкаваньне», — сказалі жонцы.
Па выніках суду Яўгена Васількова пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Пасьля пастановы суду ён выгукнуў «жыве Беларусь!»
Да панядзелка Яўген быў на ізалятары. На суд да яго прыехалі актывісты «Страны для жизни» і журналісты. Трактарыст зьяўляецца адміністратарам каналаў у Youtube і Telegram «Хойники для жизни».
Калі актывісты і журналісты ўвайшлі ў залю паседжаньня, там ужо сядзелі міліцыянты ў цывільным і жанчыны, у якіх мясцовыя пазналі супрацоўніц райвыканкаму. Яны «захапілі» вольныя месцы, таму большасьці актывістаў давялося стаяць.
«Да мяне міліцыя прыехала на працу, у гараж. Участковы заявіў, што недзе на тэрыторыі раёну нехта разрысаваў дарожныя знакі надпісамі „Саша 3%“. Міліцыянты з гэтай нагоды прыехалі чамусьці да мяне! Мне сорак гадоў — я што, буду знакі зарысоўваць? Міліцыя правяла агляд аўтамабіля, а потым патрабавала дакумэнты. Як адмовіўся іх даць — мне „прышылі“ непадпарадкаваньне, закавалі ў кайданкі і завезьлі на ізалятар», — патлумачыў трактарыст.
Ён лічыць, што сапраўдная прычына затрыманьня — ягоныя блогі, дзе ён «гаворыць праўду, здымае бардак у раёне». «Я на блогах паказваю бардак, які ў нас робіцца, што, напрыклад, рэчка зарасла ці ліхтары не гараць. Таксама агітую за Святлану Ціханоўскую — таму мяне і ўзялі», — зазначыў Яўген Васількоў.
Сваёй віны ў непадпарадкаваньні ён не прызнаў. «Я не разумеў, на якой падставе яны патрабуюць дакумэнты. Каб яны мне патлумачылі, дык я паказаў бы паперы. У мяне аўтамабіль „Аўдзі-80“, а яны прасілі паперы на аўтамабіль „Аўдзі-100“. Я б паказаў тыя паперы, але яны нахабна патрабавалі і нічога не тлумачылі. Яны мне паказалі здымкі дарожных знакаў з надпісам „Саша 3%“. Я не разумею, якая сувязь паміж разрысаванымі знакамі і аглядам аўтамабілю?», — казаў на судзе вясковец.
Міліцыянт Васіль Зьвягін засьведчыў на судзе (ён прызнаны пацярпелым), што на дарожных знаках у раёне зьявіліся надпісы «Саша 3%». «Былі падставы думаць, што гэтыя надпісы зрабіў Яўген Васількоў. Прыехалі да яго рабіць агляд. Правялі агляд аўтамабіля. Адмовіўся паказаць дакумэнты на аўтамабіль, і мы яго затрымалі за непадпарадкаваньне», — сказаў участковы.
«Што вы канкрэтна хацелі знайсьці ў Васількова?», — запытаўся адвакат Пётра Барысаў.
«Можа, маркер, якім наносілі надпісы на дарожныя знакі», — адказаў участковы.
Любоў Корань, жыхарка Хойнікаў была па запрашэньні міліцыі панятой на аглядзе ў Яўгена Васількова. «Міліцыянты праверылі ягоную машыну патрабавалі дакумэнты на аўтамабіль. Ён адмовіўся дакумэнты даць, сказаў, што ён ня мусіць іх даваць. Яму надзелі кайданкі. Ён, гэты чалавек Васількоў, не супраціўляўся, нічога — сеў у машыну да міліцыянтаў ды паехаў», — расказала на судзе сьведка.
Дзьмітры Каўроў, начальнік аддзяленьня крымінальнага вышуку РАУС, паказаў на судзе, што 31 ліпеня езьдзілі зрабіць агляд аўтамабіля Яўгена Васількова. «Па прыбыцьці ўчастковы прадставіўся, паказаў пастанову на агляд з санкцыяй пракурора раёну. Васількоў паказаў аўтамабіль, прадставіў яго для агляду.
Потым папрасілі дакумэнты на аўтамабіль. Ён адмовіўся, спасылаўся, што мы не супрацоўнікі ДАІ. Не падпарадкаваўся законным патрабаваньням, і завезьлі яго для разбору ў РАУС», — засьведчыў начальнік аддзяленьня.
Таксама на судзе сьведчылі яшчэ адзін паняты і міліцыянт. Іх паказаньні асабліва не адрозьніваліся ад словаў іншых сьведак.