Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЭГУ Міхайлаў сышоў у адстаўку. Пасаду прэзыдэнта скасавалі


Анатоль Міхайлаў падчас уручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ. Архіўнае фота.
Анатоль Міхайлаў падчас уручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ. Архіўнае фота.

5 студзеня сышоў з пасады прэзыдэнта Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ) Анатоль Міхайлаў. Задаволіўшы заяву аб адстаўцы, Агульны сход саўладальнікаў вырашыў скасаваць пасаду прэзыдэнта навучальнай установы.

Прафэсар Міхайлаў стаў ініцыятарам стварэньня ў Менску ВНУ на эўрапейскі манер і ў 1992 годзе стаў першым рэктарам унівэрсытэту. Ад 1 кастрычніка 2014-га займаў пасаду прэзыдэнта ЭГУ.

«Ня мог сабе ўявіць у далёкім 1992 годзе, што знаходжаньне на нязвыклай для мяне адміністрацыйнай пасадзе зацягнецца на такі працяглы тэрмін. Мой першы зварот аб адстаўцы быў у 2001 годзе, калі я адчуў цяжар захаваньня праекту ў вельмі складаных умовах. У той час, аднак, было цяжка прадбачыць увесь драматызм аднаўленьня і існаваньня ЭГУ ў выгнаньні. Але цяпер, цягам чарговага этапу трансфармацыі ўнівэрсытэту, найбольш спрыяльны момант для майго рашэньня», — цытуе сайт установы свайго шматгадовага кіраўніка.

У 2004 годзе беларускія ўлады спынілі дзейнасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту за разыходжаньне з праграмамі Міністэрства адукацыі. Налета яго дзейнасьць была адноўленая ў Вільні.

Нягледзячы на адстаўку з прэзыдэнцкай пасады, Анатоль Міхайлаў працягне выкладчыцкую і дасьледчую дзейнасьць у якасьці прафэсара філязофіі. Яшчэ ў 1966 годзе ён атрымаў ступень доктара філязофіі ва ўнівэрсытэце імя Фрыдрыха Шылера ў нямецкай Ене.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG