Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўтары гадзіны ўгаворвалі падпісаць дакумэнт аб неразгалошваньні». Лідэр АГП Мікалай Казлоў пра свой допыт у СК


Мікалай Казлоў. Архіўнае фота
Мікалай Казлоў. Архіўнае фота

Казлоў правёў у СК каля трох гадзін, паказаньні даваць адмовіўся. Тады яму прызначылі яшчэ адзін допыт.

Сябры асноўнага складу Каардынацыйнай рады ходзяць на допыты амаль з моманту яе стварэньня. Першымі былі ўдзельнікі і ўдзельніцы Прэзыдыюму КР. Максіма Знака і Марыя Калесьнікаву затрымалі неўзабаве пасьля сваіх допытаў.

30 сьнежня на допыт па «справе Каардынацыйнай рады» пайшоў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Ён уваходзіць у асноўны склад КР. У Цэнтральным апараце СК ён правёў амаль тры гадзіны.

«Я ішоў у СК і разьлічваў, што допыт будзе працягвацца зусім нядоўга, — расказвае Казлоў. — У мяне не было ў плянах даваць нейкія паказаньні. Лічу, што гэтая справа палітычна матываваная і распачатая толькі для таго, каб уплываць на сваіх палітычных апанэнтаў і запалохваць іх. Для сябе я вырашыў, што ніякага супрацоўніцтва і дачы паказаньняў нават у якасьці сьведкі ніхто ад мяне не атрымае. Таксама я для сябе акрэсьліў, што ніякіх абавязаньняў аб неразгалошваньні падпісваць ня буду».

Мікалай Казлоў кажа, што гэтае яго рашэньне акурат і зацягнула знаходжаньне ў СК. У пратакол допыту сьледчы запісаў толькі меркаваньне Казлова аб палітычнай матываванасьці справы. А пасьля настойліва папрасіў падпісаць дакумэнт аб неразгалошваньні.

«Маімі паказаньнямі, нават калі гэта проста апытаньне сьведкі, могуць скарыстацца супраць мяне, — расказаў Мікалай Казлоў. — Я спаслаўся на 27 артыкул Канстытуцыі, і ўсё. Зьбіраўся на гэтым і скончыць. Але супрацоўнікам СК гэтага падалося недастаткова. Яны любым спосабам спрабавалі вырваць зь мяне подпіс пад абавязаньнем аб неразгалошваньні. Сьледчага, які мяне выклікаў, у выніку замяніла палкоўнік Аксана Перастэнка. Яна на працягу 1,5 гадзіны спрабавала прымусіць мяне падпісаць гэтую паперу. Калі я чарговы раз адмовіўся падпісваць блянк падпіскі аб неразгалошваньні, яна тады паспрабавала яго засунуць у пратакол допыту, каб я падпісаў там. Я адмовіўся, на гэтым нашая размова скончылася».

«Падпіска аб неразгалошваньні — адзін з інструмэнтаў, каб схаваць незаконнасьць»

Старшыня АГП называе дзеяньні палкоўніка Перастэнкі абсалютна незаконнымі. На яго думку, сьледчыя добра разумеюць гэта, а таму патрабуюць маўчаньня ад усіх фігурантаў крымінальнай справы.

«Неразгалошваньне для іх важнае таму, што ўсё, што робіцца ў межах гэтай крымінальнай справы, — незаконна, — перакананы Мікалай Казлоў. — І гэта адзін з інструмэнтаў, каб гэтую незаконнасьць схаваць. Іншых прычын я ня бачу. Ні я ім ня мог нічога сакрэтнага расказаць, ні яны мне. Яны хочуць усіх, хто праходзіць па гэтай справе, павязаць падпіскай аб неразгалошваньні. Я лічу, што гэта няправільна і незаконна. І не хачу нават гэта абмяркоўваць».

Размова Казлова з палкоўнікам Перастэнкай скончылася выклікам на наступны допыт. Ён пройдзе 5 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG