У Амстэрдаме 16 красавіка абвясьцілі пераможцаў чарговай фотапрэміі World Press Photo. Беларуская фотажурналістка Тацяна Ткачова з праектам «Паміж правам і сорамам» заняла другое месца ў намінацыі «Партрэты».
Гісторыя, якую паказала Тацяна Ткачова, гэта 10 фатаздымкаў жанчын, якіх аб’ядноўвае адно — калісьці кожная зь іх зрабіла аборт.
Беларускія законы дазваляюць перарываць цяжарнасьць, якая доўжылася да 12 тыдняў, а ў выключных выпадках і да 28 тыдняў — гэта адны з найбольш лібэральных правілаў у Эўропе. Але для многіх жанчын, гаворыцца ў апісаньні здымкаў на World Press Photos, аборт гэта па-ранейшаму табу, а рашэньне аб ім часта суправаджаецца пачуцьцём сораму. Гераіні сэрыі вырашалі рабіць аборты з самых розных прычынаў — ад страху беднасьці да забруджваньня пасьля чарнобыльскай катастрофы.
Перад фіналам Свабода пагутарыла з Тацянай Ткачовай. У праекце прысутнічае і яе маці.
«Дзесьці каля году я выношвала ідэю, што хачу зрабіць яго, — расказала фатографка пра праект. — Калі ты нечым апантаны, ты становісься такой пэрсонай, якая толькі пра гэта гаворыць. Цябе хвалюе ўсё, ты бачыш тэгі, зьвязаныя толькі з гэтай тэмай. Таму дзякуй велізарны маім сябрам, якія ўсё гэта трывалі.
І я пачала знаходзіць жанчын, хоць гэта не адразу ўдалося. Таму што як я буду шукаць? Вітаю, а ты рабіла аборт? Напішы, калі ласка, мне, я хачу цябе сфатаграфаваць. Вядома, так гэта не працуе — гэта неэтычна. І так атрымалася, што першы раз у мяне быў няўдалы пошук гераінь. А потым я зрабіла першы фатаздымак у гэтым праекце, паказала, як гэта будзе выглядаць, і напісала, што шукаю. І мне ўсе мае гераіні напісалі самі.
Я думала, што мне будзе шалёна цяжка зь імі мець справу, таму што гэта вельмі асабістая тэма. І плюс яшчэ трэба падпісаць дакумэнт пра тое, што яны дазволяць мне выкарыстоўваць гэтыя фатаздымкі. Па правілах ты павінен так рабіць. Ведаеш, было такое адчуваньне, што мы ўсе патрэбныя былі адна адной. Гераіні гэтага праекту — мне, а я ім. Мы злучыліся на нейкі час, зрабілі гэты праект і разышліся».