«Пацярпеў за надпіс на сьметніцы каля Драздоў: «Здесь живут ябатьки»
У другой палове дня 27 сьнежня Ўладзімер Іванавіч з батонам пад пахай звыкла выправіўся са свайго мікрараёну Вясьнянкі на вадасховішча Дразды, каб падкарміць лебедзяў ды качак, якія прыпазьніліся ў вырай. Але і ў пісьменьніцкіх фантазіях ня мог уявіць, што апынецца ва ўпраўленьні міліцыі, дзе яго будуць вінаваціць адразу паводле трох «дэбашырскіх» артыкулаў.
«Зайшоў на той бок вадасховішча — лес, поле, роварная дарожка, — згадвае суразмоўца. — Нікога навокал. А я ў нейкім сэнсе „калекцыянэр“: занатоўваю прыкметныя надпісы сёлетняй палітычнай кампаніі. Адзін вельмі павесяліў, і вырашыў яго сфатаграфаваць. Іржавы, скасабочаны сьмецьцевы бак, збоку выведзена: „Здесь живут ябатьки“. Асабліва з улікам суседзтва з Драздамі. На бяду для мяне, побач была міліцэйская „засада“. Потым высьветлілася, на некага палявалі супрацоўнікі ў барацьбе з абарачэньнем наркотыкаў. Ну і папаўся ім я. Усё ж Вясьнянка — раён досыць „баявы“, пэўна, кожны выклікае падазрэньні».
З прыхаванай кустоўем машыны выйшлі два афіцэры — маёр і старшы лейтэнант. Пачалі цікавіцца, што ён тут робіць. Калі Ўладзімер Ягоўдзік загаварыў па-беларуску, падазрэньні праваахоўнікаў толькі ўзмацніліся.
«Спраўдзілі адрас, пачалі казаць, што бачылі ў нашым раёне на вокнах „забароненую сымболіку“. Нібыта і да мяне прыходзілі, толькі я не адчыніў дзьверы. Хоць гэта наўрад ці — пры чым тут барацьба з наркотыкамі? Або, замест таго, каб шукаць закладчыкаў, змагаюцца са сьцягамі?.. Але паколькі гэта не амапаўцы, усё было даволі карэктна, не штурхалі, ня білі. Праўда, потым у судзе і спрабавалі сьведчыць ня вельмі прыстойна: маўляў, чапляўся да людзей, парушаў парадак. Балазе, судзьдзя высьветліў, што там сапраўды нікога не было, а ўся справа — суцэльныя нестыкоўкі», — гаворыць Уладзімер Ягоўдзік.
«Набор «пратэстуна»: «злоснае хуліганства», «пашкоджаньне маёмасьці», «абраза ўлады»
Урэшце ўсё скончылася буйным штрафам на 810 рублёў, што амаль роўна дзьвюм пэнсіям падсуднага. Але першапачаткова перад літаратарам маячыў немалы «сутачны набор» за сукупнасьць «злачынстваў». Нязвыклым было хіба тое, што не было «народнага артыкулу» 23.34.
«Адпачатку спрабавалі навешаць ажно тры пратаколы, — працягвае пісьменьнік. — Найперш „злоснае хуліганства“, затым „пашкоджаньне маёмасьці“ і нарэшце „абраза ўлады“. У выніку скончылася тым, што гэта „дробнае хуліганства“ і „непадпарадкаваньне міліцыі“. Хоць гэта і гучыць сьмешна, бо што я мог нават у тэорыі супрацьпаставіць двум здаровым 40-гадовым мужчынам? Яны мне прапанавалі прайсьці ў машыну, я спакойна сеў, і мы паехалі. Навошта было рабіць зь мяне „хулігана“, „дэбашыра“? Ну няхай застанецца на іх сумленьні...»
Уладзімер Ягоўдзік расказвае, што, калі гаворка з праваахоўнікамі зайшла пра «незарэгістраваную сымболіку», паспрабаваў правесьці лікбез. Як аказалася, зусім ня ў тым асяродку.
«Я пацьвердзіў, што маю такую сымболіку, — гаворыць ён. — У 1993 годзе стаў ляўрэатам прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Мне выдалі мэдаль і дыплём зь бел-чырвона-белым сьцягам... Мабыць, палічылі, што я зь іх проста зьдзекуюся, і вырашылі зьбіць „браваду“. А можа, адпачатку было заданьне браць усіх падазроных, не зважаючы на ўзрост і рэгаліі. А тут яшчэ беларускамоўны, гэта міліцыянтаў таксама напружыла. Хто ж ведае сапраўдную сутнасьць іх рэйдаў. Мне толькі падфарціла, што яны ня з той опэры, калі скачуць па галовах з дубінамі».
Непрадказальным аказаўся і лёс батона — драздоўскія лебедзі ды качкі пачастунку так і не дачакаліся. Затое яго з задавальненьнем зьелі вязьні Цэнтральнага РУУС.
«Мяне арыштавалі разам з торбай, у якой ляжаў і той самы батон, — сьмяецца пісьменьнік. — Суткі трымалі ў міліцыі, дзе да суду сядзелі іншыя небаракі. А публіка ж розная: адзін ішоў выпіўшы, нехта пасварыўся з жонкай. Усе добра выгаладаліся. І гэты батон, заміж таго, каб скарміць птушкам, я сунуў у клетку. Прынамсі, грэе душу, што людзі хоць крыху падмацаваліся...»
«Верагодна, зьбіраліся „схапіць“ зламысьніка, які размалёўвае сьметніцы»
Калегі, знаёмцы прапанавалі скінуцца на аплату штрафу, аднак Уладзімер Іванавіч упарта адмаўляецца. Кажа, што многім нашмат складаней, таму ня мае маральнага права ў такі час адрываць ад кагосьці такія патрэбныя сродкі для існаваньня.
«Сапраўды, амаль дзьве мае пэнсіі... Але людзі больш цярпяць. Азірнемся навокал — столькі пацярпелых, часта цэлымі сем’ямі. Я не галадаю, наадварот, сам стараюся, чым магу, дапамагчы. Езьдзіў на „плошчу Пераменаў“, дарыў дзецям кніжкі. Ну і ў нашай Вясьнянцы, натуральна... Калі бачыш маштаб бедзтва, на ўсё рэагуеш інакш. Тое, што адбылося са мной, — гэта такая мімалётная штурханіна. Тым больш што маральна быў падрыхтаваны. Упершыню мяне затрымалі яшчэ ў 1997-м, спрабаваў абараніць чалавека, якога міліцыянты білі. Пасьля сутак на Акрэсьціна прысудзілі штраф. І вось праз 23 гады гісторыя паўтарылася».
Ці ёсьць сэнс спрабаваць у чымсьці пераканаць супрацоўніка міліцыі? Як робіць выснову Ўладзімер Ягоўдзік з уласнага досьведу, разьлічваць на паўнавартасны дыялёг наўрад ці выпадае, але галоўнае — не прыніжацца і трымацца годна. Бо, калі маюць за мэту прычапіцца, наўрад ці што дапаможа.
«Я заўсёды хаджу з нататнікам, альбомам, фотаапаратам. То бок у торбе маркеры, алоўкі, асадка. У той дзень таксама быў поўны камплект. А паколькі, відаць, загадана любым спосабам змагацца з надпісамі кшталту „3%“, то чаму б не „схапіць“ зламысьніка, які размалёўвае сьметніцы? На жаль для іх, стратэгія не спрацавала... Я не шкадую, што займеў такі досьвед. Відаць, як і астатнія 40 тысяч асуджаных землякоў. Самае галоўнае, што мы сталі сьведкамі нараджэньня духу волі. Гэта ўжо нікуды не падзенецца. Нацыю, якая паўстала праз столькі гадоў сьпячкі, у самнамбулічны стан ужо не загоніш. Як бы ўлада не налягала на рэпрэсіі, выпрабаваньні толькі загартоўваюць, умацоўваючы жаданьне пераменаў».
Чым вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Ягоўдзік
Уладзімір Ягоўдзік нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Кастровічы на Слонімшчыне. Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах, скончыў філялягічны факультэт БДУ. Дэбютаваў у друку вершамі ў газэце «Гродзенская праўда».
На сумежжы 1970–1980-х працаваў карэспандэнтам Берасьцейскай абласной газэты «Заря» і рэдактарам абласной студыі тэлевізіі. У 1982–1990 — супрацоўнік тыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1997 па 2003 быў галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса «Бярозка».
Выдаў кнігі прозы «Стронга», «Вочы Начніцы», «Прыручэньне птушкі», аўтар мастацкага альбому «Алена Кіш», папулярнага выданьня «7 цудаў Беларусі» ды іншыя.
Напісаў для дзяцей п’есы, якія ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах, на Беларускім радыё і тэлевізіі: «Залатое зярнятка», «Сонейка, сьвяці!» «Пякла баба калачы», «Сакрэты Вогніка», «Усьміхніся, прынцэса...»
Уладзімер Ягоўдзік выступае ў друку як літаратурны крытык і з мастацтвазнаўчымі артыкуламі. Перакладчык з расейскай і ўкраінскай моваў.
Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра.