Галадоўку на знак пратэсту ён абвясьціў 15 сьнежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачваньні ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.
29 сьнежня Ігара ў СІЗА Жодзіна наведаў адвакат. У тэлеграм-канале «Беларусь галаўнога мозгу» зьявілася невялікае паведамленьне ад палітвязьня.
«Усіх з надыходзячым Новым годам! — гаворыцца ў ім. — Я буду сустракаць яго на трэцім тыдні галадоўкі з бутэлечкай мінэралкі. Адчуваю сябе нармальна, нават нягледзячы на зьяўленьне няпрошаных гасьцей у выглядзе вошай у нашай камэры. Так што Каляды прайшлі па-свойму „весела“.
4 студзеня Паўлінцы (дачка Ігара і Дар’і Лосік. — РС) спаўняецца два гадкі. Вельмі шкада, што свой дзень нараджэньня і Новы год яна будзе сустракаць бяз таты. Але я думаю пра яе 24 гадзіны ў суткі, і толькі гэтыя думкі даюць мне сіл. Усім тысячам людзей, якія падтрымліваюць мяне і маю сям’ю, я хачу сказаць „дзякуй“. Вельмі вам усім удзячны за словы падтрымкі. А я загадаю на Новы год хутчэй абняць дачку і жонку. Больш мне нічога і ня трэба. Дзеля гэтага і справядлівасьці трымаюся».
Ігар не зьбіраецца спыняць галадоўку. Як расказала Свабодзе жонка Ігара Дар’я, муж пакуль ня скардзіцца на здароўе. Яго штодня аглядаюць турэмныя мэдыкі, вымяраюць ціск. Складанасьцяў з арганізацыяй візытаў адваката няма.