Цяпер у зьняволеньні паводле крымінальных справаў знаходзяцца:
Ігар Лосік. Ён працягвае галадоўку ў Жодзінскай турме № 8. На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў. Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Журналісткі «Белсату» за кратамі з 15 лістапада, калі іх затрымалі пасьля жывога эфіру з разгону сілавікамі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на «плошчы Пераменаў» у Менску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК РБ).
Кацярына Барысевіч. Генэральная пракуратура распачала супраць журналісткі Tut.by крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 178 КК — раскрыцьцё лекарскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Гэта за тое, што яна апублікавала артыкул, у якім са спасылкай на аналізы было паказана, што памерлы Раман Бандарэнка быў цьвярозы, у той час як Аляксандар Лукашэнка і сьледчыя сьцьвярджалі, што ён падчас бойкі быў пʼяны.
Супрацоўнікі Прэс-клюбу. 22 сьнежня супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў затрымалі шэсmць журналістаў, якія зьяўляюцца чальцамі Прэс-клюбу або супрацоўнічаюць зь ім. Гэта заснавальніца і кіраўніца культурна-асьветніцкай ініцыятывы Юлія Слуцкая, фінансавы дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмная дырэктарка Ала Шарко, дырэктар «Акадэміі Прэс-клюбу» Сяргей Якупаў, апэратар Пятро Слуцкі.