Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18-гадовага менчука асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі за перакрыцьцё дарогі ў Серабранцы


Пратэсты ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Пратэсты ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў 18-гадовага Ільлю П. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за перакрыцьцё праезнай часткі ў мікрараёне Серабранка 23 верасьня.

Судзьдзя Тацяна Шоцік пастанавіла прызнаць маладога чалавека вінаватым у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула за сабой парушэньне працы транспарту, і прызначыць яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу на 3 гады.

Як удакладняе праваабарончы цэнтар «Вясна»​, таксама суд вынес прыватнае вызначэньне на адрас сярэдняй навучальнай установы для арганізацыі прафіляктычнай працы, каб пазьбегнуць учыненьня аналягічных злачынстваў іншымі навучэнцамі. Аб прынятых мерах мусяць паведаміць не пазьней як празь месяц ад вынясеньня пастановы.

Да гэтага прайшлі два судовыя пасяджэньні, дзе апыталі абвінавачаных і сьведак. Дзяржабвінаваўца Рамановіч у сваім выступе адзначаў, што віна Ільлі П. цалкам даказаная. На думку пракурора, гэта пацьверджана паказаньнямі сьведак, выяўленымі фота і відэа зь месца мітынгу і запісам відэарэгістратара тралейбуса № 30.

Ільля П. заявіў, што сапраўды ступіў на праезную частку, аднак знаходзіўся побач з бардзюрам, актыўных дзеяньняў не рабіў, лёзунгаў не выкрыкваў.

Абаронца падсуднага прасіла суд пры вынясеньні выраку ўлічыць прызнаньне Ільлём віны і раскаяньне ва ўчыненым, адсутнасьць матэрыяльнай шкоды і абмежавацца штрафнымі санкцыямі.

Аднак суд падтрымаў прапанову дзяржабвінаваўцы.
Ільля П. плянуе абскардзіць судовае рашэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG