Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прызналі замежнымі агентамі першых 5 чалавек


Расейскі праваабаронца Леў Панамароў трапіў у сьпіс «замежных агентаў»
Расейскі праваабаронца Леў Панамароў трапіў у сьпіс «замежных агентаў»

Міністэрства юстыцыі Расеі ўключыла 5 чалавек у сьпіс СМІ — замежных агентаў.

У рэестар трапілі праваабаронца Леў Панамароў, журналісты Людміла Савіцкая і Сяргей Маркелаў, якія супрацоўнічаюць з расейскай службай Радыё Свабода, галоўны рэдактар выданьня «Псковская губерния» Дзяніс Камалягін, пецярбурская мастачка і актывістка Дар’я Апахончыч.

Раней сёлета расейскі парлямэнт ухваліў законапраект, які дазваляе прызнаваць замежнымі агентамі фізычных асобаў і грамадзкія аб’яднаньні без утварэньня юрыдычнай асобы, калі яны займаюцца палітыкай у Расеі і атрымліваюць замежнае фінансаваньне.

Такія абʼяднаньні і фізычныя асобы абавязаныя падаць заяўку на ўключэньне іх у сьпіс замежных агентаў, пасьля чаго рэгулярна даваць справаздачу Міністэрству юстыцыі аб сваёй дзейнасьці. Фізычныя асобы, якія абвешчаныя замежнымі агентамі, ня змогуць займаць пасады на дзяржаўнай і муніцыпальнай службе, а таксама быць дапушчаныя да дзяржаўнай таямніцы.

Падставай для прызнаньня замежным агентам могуць паслужыць такія формы палітычнай дзейнасьці, як правядзеньне мітынгаў і публічных дэбатаў, распаўсюджваньне меркаваньняў аб дзяржаўнай палітыцы, дзеяньні, накіраваныя на атрыманьне пэўнага выніку на выбарах ці рэфэрэндуме, удзел у назіраньні за выбарамі ці ў дзейнасьці палітычных партыяў, калі будзе прызнана, што яны праводзяцца ў інтарэсах замежных крыніц.

Расейскае заканадаўства аб замежных агентах рэгулярна крытыкуюць праваабаронцы, міжнародныя арганізацыі і прафэсійная журналісцкая супольнасьць, якія зазначаюць, што гэтыя нормы ўяўляюць небясьпеку для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Расеі.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі Андрэй Савіных заяўляў, што ў Беларусі ёсьць намер прыняць закон аб замежных агентах, падобны да расейскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG