Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International запатрабавала расьсьледаваць інфармацыю пра катаваньні Мікалая Дзядка


Мікалай Дзядок, архіўнае фота
Мікалай Дзядок, архіўнае фота

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International 24 сьнежня зьвярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваньнем прыняць неадкладныя меры па праверцы інфармацыі пра пагрозы жыцьцю і здароўю арыштаванага больш за месяц таму анархіста Мікалая Дзядка, перадае БелаПАН.

Акрамя гэтага, арганізацыя патрабуе расьсьледаваць парушэньне яго права на доступ да абаронцы, а таксама на атрыманьне і адпраўку карэспандэнцыі.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе Amnesty International, напярэдадні Аляксандар Дзядок, бацька Мікалая, заявіў, што ад сваякоў аднаго са зьняволеных паступіла інфармацыя, што Мікалаю Дзядку «ствараюць умовы, каб ён памёр».

Таксама да яго не пускаюць адваката, ад яго не прыходзяць лісты.

Патрабаваньне даслалі пракурору Менску Алегу Лаўрухіну і начальніку дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Алегу Маткіну.

У лісьце арганізацыя падкрэсьлівае, што вельмі занепакоеная паведамленьнямі аб бесчалавечных умовах утрыманьня зьняволеных у Беларусі, у тым ліку пазбаўленых волі ў сувязі зь іх палітычнай пазыцыяй і дзейнасьцю.

«Мы нагадваем пра абавязак дзяржавы абараняць затрыманых і арыштаваных ад магчымых замахаў на іх жыцьцё, пагроз здароўю, катаваньняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня, якое зьневажае чалавечую годнасьць. Утрыманьне зьняволеных бяз сувязі з вонкавым сьветам недапушчальнае і парушае іх правы», — гаворыцца ў дакумэнце.

З гэткімі ж патрабаваньнямі ў пракуратуру зьвярнуўся і Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі.

Мікалая Дзядка затрымалі 12 лістапада за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак.

Пры затрыманьні супрацоўнікамі ГУБАЗіКу Дзядок быў моцна пабіты. Паводле сілавікоў, у Мікалая Дзядка знайшлі вялікую суму грошай, «кактэйлі Молатава», улёткі і налепкі. Вядома, што Мікалай Дзядок віны не прызнае.

У першай палове лістапада бацька Мікалая Дзядка падаў у Сьледчы камітэт заяву па факце зьбіцьця сына. Аляксандар Дзядок назваў абыходжаньне з сынам катаваньнем, ён сьцьвярджае, што падчас допытаў Мікалая да яго ўжывалі газ.

Днямі ў бацькі палітвязьня зьявіліся зьвесткі, што здароўю і жыцьцю ягонага сына ў турме пагражаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG