Пакуль ваганьні рубля адносна даляра «праходзяць у адным калідоры», кажа кіраўнік цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук.
«Гэтыя ваганьні пакуль ня маюць фундамэнтальнага значэньня, проста ў гэтыя дні нехта больш валюты купіў. Падстаў, каб рубель умацоўваўся, таксама няма. Калі ня будзе крыніц фінансаваньня дзяржаўных выдаткаў, а будзе стаўка на эмісійнае крэдытаваньне, то курс будзе расьці далей», — мяркуе Яраслаў Раманчук.
Пакуль што я бачыць сур’ёзных праблем у такім ваганьні і старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.
«Гэта статыстычна ня вельмі істотныя зьмены, у калідоры 2,60 за даляр. У гэтых межах даляр вагаецца з пачатку жніўня», — гаворыць Леў Львоўскі.
«Даляр па 3 у наступным годзе»
Паводле Яраслава Раманчука, даляр можа каштаваць па 3 рублі ўжо ў наступным годзе. І гэта вынік палітыкі ўраду і Нацбанку, перакананы ён.
«Урад прывёў да павелічэньня дзяржаўнага доўгу на траціну, у даўгі залезьлі прадпрыемствы. Калі зьменаў ня будзе, гэта даб’е прадпрыемствы. Тады курс будзе набліжацца налета да трох — трох з паловай рублёў за даляр», — прагназуе Яраслаў Раманчук.
«Расейскі крэдыт не ўратуе»
Расея дасьць Беларусі крэдыт у памеры 1 мільярд даляраў; гэта той самы, пра які вялася гаворка яшчэ падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў верасьні.
«3 мільярды спатрэбіцца толькі на выплачваньне іншых даўгоў. Ёсьць яшчэ ўнутраны доўг, яшчэ ёсьць рэфінансаваньне дзяржаўных абавязаньняў, павялічыцца падатковы цяжар. Расея — галоўны крэдытор. Ільвіную частку даўгоў налета трэба ім аддаць, атрымаецца, яны самі сабе і крэдытуюць», — кажа Яраслаў Раманчук.
9 сьнежня віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў заявіў, што Беларусь разьлічвае на павелічэньне фінансаваньня ад Эўразійскага банку разьвіцьця.
«Абвал вонкавага фінансаваньня»
У праекце бюджэту на наступны год заклалі вонкавае фінансаваньне на 1,6 мільярда рублёў. Гэта 1 мільярд пазык ад іншых дзяржаваў, 703 мільёны ад разьмяшчэньня аблігацыяў і каштоўных папераў, 93 мільёны ад міжнародных фінансавых арганізацыяў.
У бюджэце на 2020 год сумы былі значна большыя: вонкавае фінансаваньне — 5 мільярдаў даляраў, крэдыты ад іншых дзяржаваў — 2,1 мільярда, каштоўныя паперы і аблігацыі — 3 мільярды.