Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць актывіста за зьнявагу судзьдзяў. Абвінавачанага выдалілі з судовай залі


Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

58-гадоваму Валадару Цурпанаву, аднаму зь лідэраў мясцовых акцыяў пратэсту і праваабаронцу, інкрымінуюць зьнявагу дзьвюх судзьдзяў, якія разглядалі адміністрацыйныя справы супраць яго за ўдзел у шэсьцях.

Яму пагражае да 3 гадоў абмежаваньня волі. Справу разглядае судзьдзя Магілёўскага раённага суду Аляксандар Халадцоў.

Судзьдзя выдаліў Цурпанава з судовай залі праз слоўную перапалку зь ім. Але фармальную прычыну агучваць не пажадаў.

Пра Валадара Цурпанава:

  • Працуе мантажнікам у прыватнай арганізацыі.
  • Актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. З галадоўкі выходзіў у лякарні.
  • У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады, давёў ім патрабаваньні «вуліцы» ды пераконваў сустрэцца з пратэстоўцамі.
  • Першага верасьня прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту.
  • Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні.
  • 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны.

Сьледзтва: «У непрыстойнай форме зьняважыў гонар і годнасьць судзьдзяў»

Паводле абвінавачаньня, Цурпанаў, «кіруючыся нізкімі намерамі, каб адпомсьціць за разгляд неправамернай, на ягоны погляд, справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, сумысьля абразіў» судзьдзяў Вікторыю Палякову і Вольгу Краўчанку. Сьледзтва лічыць, што абвінавачаны рэзкім выказваньнем «у непрыстойнай форме» зьняважыў іхны гонар і годнасьць пры выкананьні службовых абавязкаў.

У абодвух выпадках актывіста судзілі ў рэжыме відэаканфэрэнцыі, бо ён быў пад арыштам у ізалятары часовага ўтрыманьня. Пасьля фразаў, якія сталі падставай для крымінальнага перасьледу, яго пазбаўлялі ўдзелу ў працэсах за непавагу да суду, а адзін раз яшчэ і аштрафавалі.

Судова-лінгвістычная экспэртыза адзначыла, што выказваньне Цурпанава «ўтрымлівае адмоўную ацэнку чалавека і можа зьневажаць гонар і годнасьць асобы, калі зьмест фразы не адпавядае рэчаіснасьці».

У залі суду
У залі суду

Чаму Цурпанава судзьдзя выдаліў з залі

Цурпанаў адмовіўся адказваць на пытаньні суду, якімі вызначалася ягоная асоба. Сваю пазыцыю актывіст патлумачыў тым, што такія зьвесткі ёсьць у матэрыялах справы. Пасьля спрэчкі судзьдзя заявіў, што ў прысутнасьці Цурпанава ня будзе разглядаць справу, і сышоў з залі. Праз паўгадзіны аднавіў працэс без падсуднага. Чаму пазбавіў абвінавачанага права ўдзельнічаць у працэсе, не сказаў. Цурпанаў жа, заходзячы ў залю пасьля перапынкаў, настойваў, каб гэтыя прычыны былі названыя. Актывіста спрабавалі вывесьці з залі міліцыянты з Дэпартамэнту аховы. Урэшце судзьдзя абвясьціў перапынак да 24 сьнежня.

Журналістам Цурпанаў патлумачыў свае паводзіны тым, што судзьдзя непаважліва зьвяртаўся да яго як удзельніка працэсу і грамадзяніна. Акрамя таго, не гаварыў зь ім па-беларуску. Ад удзелу ў працэсе, тым ня менш, актывіст не адмаўляецца, бо рыхтаваўся да яго.

Цурпанаў: «Не магу прызнаваць тое, чаго няма»

Валадар Цурпанаў пра абвінавачаньне кажа, што «ня можа прызнаць тое, чаго няма». Пра рэзкія фразы, выказаныя ў адрас судзьдзяў, не шкадуе. Ён лічыць, што ў ягоных дзеяньнях няма складу інкрымінаванага яму злачынства, але яго ўсё роўна пакараюць, бо ён вядомая ў горадзе асоба. Думае, прысудзяць «сама меней 1 год «хіміі».

Цурпанаў кажа, што падчас сьледзтва даваць паказаньні адмовіўся, бо не хацеў «дапамагаць сыстэме абцяжарваць лёс людзей, якія вымушаныя быць саўдзельнікамі крымінальных злачынстваў крамлёўскай хунты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG