Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарку Менску, якая перажыла Галакост, аштрафавалі на 810 рублёў нібыта за ўдзел у маршы пратэсту


Ларыса Соўсь, архіўнае фота
Ларыса Соўсь, архіўнае фота

22 сьнежня 79-гадовую мянчанку Ларысу Соўсь пакаралі штрафам у 810 рублёў за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 6 сьнежня. Гэта ў паўтары разы болей за яе пэнсію.

Сама спадарыня Ларыса на суд не пайшла, яе інтарэсы прадстаўлялі адвакаты. Яны будуць абскарджваць прысуд. Адна з адвакатаў пасьля суду сказала, што калі б спадарыня Ларыса пайшла на суд, яна вельмі засмуцілася б ад таго, як адбываўся судовы працэс.

Маці журналісткі Радыё Свабода Ларысу Соўсь затрымалі падчас «Маршу волі» ў Менску 6 сьнежня. Як расказала сама спадарыня Ларыса, яна не ішла на гэты марш і ня ўдзельнічала ў ім. У той дзень яна, як звычайна, выйшла пагуляць па сваім раёне. Яна перажыла Галакост, інвалід другой групы, некалькі гадоў таму ёй зрабілі складаную апэрацыю, і, каб трымаць сябе ў форме, яна імкнецца больш рухацца і штодня выходзіць на шпацыр.

Яна гуляла па раёне, каля новай станцыі мэтро «Кавальская слабада» пабачыла натоўп і спынілася паглядзець, чаго людзі сабраліся. І раптам людзі сталі ўцякаць, зьявілася шмат сілавікоў з аўтаматамі, празь нейкі час спадарыня Ларыса пачула стрэлы. Калі яна пабачыла, што сілавікі жорстка затрымліваюць людзей, без разбору, інстынктыўна кінулася абараніць маладога мужчыну, стала крычаць: «Забярыце мяне замест яго!» Яе схапілі і павялі да мікрааўтобуса.

Пасьля таго, як яе пратрымалі некалькі гадзін у РУУС і адпусьцілі, склаўшы пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, жанчына ноч не магла заснуць ад перажываньняў: «Ну ня можа гэтага быць! Проста ў галаве ня ўкладваецца. У кожнага чалавека, у кожнага быў бы шок ад таго, што ён бачыць», — казала спадарыня Ларыса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG