Жанчыну затрымалі 19 сьнежня ў Партызанскім РУУС, куды яна прыехала сама на ўласным аўтамабілі з трохгадовым сынам, каб паскардзіцца на ўчастковую.
«Участковая вельмі намагалася трапіць у кватэру. Моцна стукала ў дзьверы. Калі адчынілі, выказала пратэст, што нібыта сьцяг вісеў у вакне, пачала паказваць фатаздымкі», — сказаў журналістам муж жанчыны перад судом.
На той момант сьцяга ў вакне ўжо не было, таму гэты прыход «у госьці» быў незразумелы. Трое дзяцей, зь якіх малодшаму тры гады, былі дома, дзеці напужаліся.
«Пасьля размовы ўчастковая сышла, але жонка на гэтай хвалі паехала пісаць заяву аб неправамерных дзеяньнях участковага, бо нават па адміністрацыйных справах зьяўленьне ўчастковага ў кватэру не прадугледжваецца. Чаму і як гэта зьвязана, незразумела. Паехала ў РУУС пісаць заяву з трохгадовым дзіцем, і яе там затрымалі», — сказаў муж жанчыны.
Паводле самой жанчыны, участковая, якая прыходзіла ўвечары, сказала, што на яе будзе заведзеная адміністрацыйная справа. Яна грукалася ў дзьверы і не прадставілася. Таму жанчына вырашыла самастойна паехаць у РУУС, каб у кіраўніцтва высьветліць, у чым справа. У РУУСе жанчыне прыгразілі арыштам і сказалі, каб нехта са сваякоў забраў дзіця. Жанчына патэлефанавала маці, і тая прыехала па ўнука. А саму яе зьмясьцілі да суду ў ІЧУ на Акрэсьціна.
Жанчыну абвінавацілі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 15 сьнежня, пікетаваньні, як гаворыцца далей у пратаколе, «без адпаведнага дазволу Менгарвыканкаму ў мэтах публічнага выказваньня свайго грамадзка-палітычнага настрою і пратэсту па факце нязгоды з рашэньнем дзейнай улады РБ, падчас якой дэманстравала ў акне кватэры сьцяг бел-чырвона-белага колеру».
З Акрэсьціна яна давала паказаньні ў Партызанскім судзе праз скайп.
«Я нічога не дэманстравала», — сказала ў судзе жанчына.
Судзьдзя: — Вісеў у вас сьцяг у акне?
Абвінавачаная: — Вісела фіранка.
Судзьдзя: — Што гэта за фіранка?
Абвінавачаная: — Дзіця парвала ранейшую, і мне давялося завешваць вакно, бо дзіця сьпіць у гэтым пакоі і перашкаджае сонца.
Судзьдзя: — Што за фіранка, якога колеру была?
Абвінавачаная: — Белага і чырвонага колеру, пакуль гэта не забаронена.
Судзьдзя спытала жанчыну, ці вядома ёй, што зь лістапада дэманстрацыя бел-чырвона-белага колеру ў вакне зьяўляецца пікетаваньнем? Жанчына адказала, што ёй гэта невядома.
Яна сказала, што не магла прымаць актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, бо 15 сьнежня ў яе хварэла дзіця і яна займалася яго лекаваньнем, гатавала ежу.
Сьведкай у судзе выступіла маці жанчыны. Яна сказала, што дачка патэлефанавала зь невядомага тэлефона з РУУС і сказала, што яе затрымліваюць, каб яна забрала трохгадовае дзіця. Аўтамабіль дачкі стаяў ля РУУСа.
«Мяне сустрэлі супрацоўнікі, якія не прадставіліся і сказалі, што дачка сюды прыехала сама. Яны сказалі, што не абавязаныя прадстаўляцца і даваць тлумачэньні. Маўляў, гэта дарослы чалавек і пратакол складзены, і калі я буду забіраць дзіця, то мне трэба напісаць расьпіску», — сказала сьведка.
Судзьдзя запытала яе, ці ёсьць у дачкі магчымасьць набыць новыя фіранкі, калі дзіця іх парвала. Маці адказала, што каб набыць фіранкі, было недастаткова часу. Судзьдзя спытала, ці вядома маці, што на вакне ў кватэры дачкі вісела бел-чырвона-белая фіранка?
«Ну так, вісела, дзіця сапраўды парвала фіранку, такая размова была, і не было часу, трэба нешта павесіць, пакуль набудзе нешта новае. Я ня бачыла сама, што там вісела».
Паводле адваката, абвінавачаньне Б. «надуманае і галаслоўнае». Да таго ж у пратаколе было пазначана, што жанчыну затрымалі дома.
«Хачу зьвярнуць увагу на два рапарты нейкіх супрацоўнікаў (адзін рапарт супрацоўніка Мароза ад 15 сьнежня і супрацоўніка Бабіча ад 16 сьнежня), якія з дакладнасьцю да коскі паўтараюць адзін аднаго, пра тое што пры патруляваньні імі выяўлены факт вывешваньня незарэгістраваных сьцягоў і іншай неўстаноўленай атрыбутыкі, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне шкоды грамадзкаму парадку. У сувязі з чым былі зробленыя такія высновы, незразумела. На гэты момант не існуе нарматыўна-прававога акта аб тым, што бел-чырвона-белая сымболіка зьяўляецца забароненай. У нас няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі, якая не забароненая ва ўстаноўленым законам парадку».
Паводле адваката, віна ягонай падабароннай не даказаная, а вывешваньне фіранкі ўнутры кватэры не зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем. Ён прасіў спыніць справу.