Міліцыянты паведамілі, што атрымалі інфармацыю аб закліках навапалачанаў у тэлеграм-каналах да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, піша мясцовы сайт gorod214.by.
«У пазначаны ў закліку час на месцы меркаванага збору прысутнічалі асобы, якія неаднаразова прыцягваліся за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, у тым ліку тыя, хто пазначаў сябе пратэставай атрыбутыкай», — заявіла афіцыйная прадстаўніца абласнога УУС Вольга Шкуратава.
Далей, як адзначылі ў міліцыі, пяцярых грамадзян даставілі ў ГАУС для разбору. Там на траіх склалі адміністрацыйныя пратаколы за «раней зьдзейсьненыя правапарушэньні па артыкуле 23.34 КаАП РБ». Пры гэтым дваіх жыхароў Наваполацку пасьля высьвятленьня асобаў адпусьцілі, а траіх пакінулі пад вартай да суду.
Сярод затрыманых на дзіцячым сьвяце ў Наваполацку быў і кандыдат гістарычных навук, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Віктар Якубаў. Ён заявіў, што затрыманьні адбыліся на вачах у дзяцей, якія сьпявалі песьні і чыталі вершы.