Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым Лукашэнка абышоў Сталіна


Ёсіф Сталін
Ёсіф Сталін

Накалькі гадоў таму Лукашэнка заявіў, што яму яшчэ далёка да Сталіна. У тым сэнсе, што ён яшчэ не дасягнуў усяго, што ўдалося найлепшаму сябру савецкіх фізкультурнікаў і дырэктараў саўгасаў.

Сёньня Лукашэнка можа з гонарам сказаць, што прынамсі ў адной пазыцыі ён Сталіна абышоў.

Я маю на ўвазе ступень беззаконьня.

Удакладню: не маштаб рэпрэсіяў (хаця і тут няшмат засталося да куміра), а цынізм, зь якім ігнаруюцца законы і Канстытуцыя.

Прачытаўшы дзясяткі, калі ня сотні ўспамінаў ахвяраў рэпрэсій 30-х гадоў, ведаю некалькі выпадкаў, калі энкавэдысты, прыйшоўшы забіраць чалавека, забывалі ордэр на вобшук і арышт і стаялі на лесьвічнай пляцоўцы, пакуль нехта ордэр не прывозіў. Вядома, клапаціла іх не выкананьне закону, а боязь, што хтосьці са «сваіх» не дакладзе вышэйшаму начальству, а той банальную няпамятлівасьць расцэніць як «дывэрсію супраць доблесных органаў» з усімі наступствамі.

Тым ня менш, бяз ордэра ў кватэру не заходзілі, ператрус не праводзілі і чалавека не забіралі.

У сучаснай Беларусі наадварот: ёсьць выпадкі, калі міліцыя прад’яўляе ордэр, але звычайна ўрываюцца ў кватэру без усялякіх хаця б фармальных рудымэнтаў законнасьці («Часам не да законаў», — Лукашэнка).

Але найбольшае дасягненьне на ніве зьнішчэньня законнасьці ня гэта.

Днямі ў рэпартажах пра затрыманьне за бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцы ці на бальконе ўласнай кватэры прачытаў радкі з пратаколаў: «...тым самым выяўляў свае палітычныя погляды» (варыянт — «выяўляў свае адносіны да ўлады»).

Ня будзем цяпер закранаць тое, што легітымнасьць рэфэрэндуму 1995 году, калі была зьмененая дзяржаўныя сымболіка, адным фактам пабіцьця дэпутатаў парлямэнту ў часе яго прызначэньня можа быць пастаўленая (і ставіцца) пад сумнеў.

Пакінем убаку і тое, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду сходаў, мітынгаў і шэсьцяў (ключавое слова — гарантуе), а норма Канстытуцыі вышэйшая за нормы закону.

Зьвернем увагу вось на што: цяпер, каб затрымаць чалавека, міліцыі дастаткова, каб у яго былі палітычныя погляды.

Ці рэпрэсавалі пры Сталіну за погляды? Безумоўна. Але гэта нязьменна афармлялася ці ў «дывэрсійную дзейнасьць», ці ў «шпіёнскую дзейнасьць», ці ў «контррэвалюцыйнае шкодніцтва» — з мэтаю ці то «падрыву сацыялістычнага ладу», ці «ўмацаваньня пазыцыяў ворагаў СССР», дыяпазон быў бясконцы. Тое, што Бухарын ці Каменеў мелі адрозныя ад Сталіна палітычныя пазыцыі ў шэрагу пытаньняў, ведалі ўсе, яны самі пра гэта заяўлялі на пленумах ЦК. НКВД, аднак, мусіў даказаць, што гэтыя погляды трансфармаваліся ў злачынную дзейнасьць.

Нават сталінскі пракурор Вышынскі не абгрунтоўваў патрабаваньня сьмяротнага пакараньня толькі «палітычнымі поглядамі» — мусіў спасылацца, да прыкладу, на «шпіянаж у карысьць Польшчы» і «падрыхтоўку тэрарыстычнага акту супраць таварыша Варашылава» (як гэта было з 1-м сакратаром ЦК кампартыі Беларусі Шаранговічам).

Лукашэнка значна спрасьціў працу рэпрэсіўнай машыны, пазбавіўшы яе неабходнасьці «выбіваць» факты ці хаця б намеры: чалавеку дастаткова мець погляды, і вось яго ўжо забіраюць у аўтазак. І, натуральна, выносяць прысуд.

Іосіф Вісарыёнавіч апладзіруе Аляксандру Рыгоравічу з-пад крамлёўскай сьцяны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG